Адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.
Разгледжана пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы на непаўналетняга з-за недасягнення ім узросту адказнасці і адміністрацыйныя пратаколы на яго бацькоў за невыкананне абавязкаў па выхаванні сына, што выклікала парушэнне ім крымінальнага заканадаўства. Прынята рашэнне аб правядзенні індывідуальнай прафілактычнай работы з падлеткам. Разгледжана пастанова аддзела ўнутраных спраў райвыканкама аб спыненні спраў па адміністрацыйным правапарушэнні на двух непаўналетніх, іх бацькі афіцыйна папярэджаны аб недапушчэнні падобных паводзінаў дзяцей у далейшым.
Па горадзе – толькі з дарослымі
Як аказалася, аварыя з сур’ёзным траўмаваннем аднаго з яе ўдзельнікаў можа здарыцца не толькі ў “габарытных” транспартных сродкаў. Адна з такіх адбылася на летніх канікулах у райцэнтры з веласіпедыстамі, якія рухаліся насустрач адзін аднаму па тратуары і не змаглі раз’ехацца. З-за хлопчыка, які, магчыма, разгубіўся ці не зрэагаваў своечасова пры яздзе, пацярпела пенсіянерка, у якой медыкі пры аглядзе дзягнаставалі пералом, а судовыя эксперты ацанілі яго як менш цяжкія цялесныя пашкоджанні.
Да слова, хлопчыку яшчэ няма чатырнаццаці гадоў, таму адпаведна Правілаў дарожнага руху катацца на веласіпедзе ён мае права толькі на спецыяльных закрытых пляцоўках, а па горадзе – у суправаджэнні дарослых людзей.
У камісію па справах непаўналетніх райвыканкама для разгляду была накіравана пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы на юнага правапарушальніка з-за недасягнення ім узросту адказнасці, а разам з ёю – адміністрацыйныя пратаколы на абодвух бацькоў за неналежнае выкананне абавязкаў па выхаванні сына, што выклікала парушэнне ім крымінальнага заканадаўства.
Намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх Вадзім Бялятка параіў бацькам больш увагі звяртаць на тое, чым займаецца сын у час іх адсутнасці, бо гэта, найперш, пытанне асабістай бяспекі дзіцяці. Дарога свавольстваў не даруе, добра, што на гэты раз для юнага веласіпедыста ўсё скончылася больш-менш шчасліва і шкоды яго здароўю не нанесена.
Дырэктар школы, дзе вучыцца непаўналетні парушальнік, адзначыла, што напярэдадні канікулаў на бацькоўскім сходзе законныя прадстаўнікі навучэнцаў былі азнаёмлены з патрабаваннямі заканадаўства, дзецям педагогі таксама неаднаразова расказвалі правілы бяспечных паводзінаў на дарозе і ў побыце.
Членам камісіі непаўналетні паабяцаў, што адзін без дарослых цяпер на веласіпедзе ездзіць не будзе. Больш пільна сачыць за гэтым давядзецца бацькам: на першы раз яны афіцыйна папярэджаны, аднак пры паўторным на працягу каляндарнага года падобным парушэнні сына ім давядзецца заплаціць важкі штраф.
Ламаюць дзеці – рамантуюць камунальнікі?
Калі крыху перафразіраваць народную мудрасць, то можна сказаць, што камфортна не там, дзе рамантуюць, а там, дзе не ламаюць. На жаль, нават не ўсе дарослыя гэта разумеюць, а тым больш дзеці.
Як прыклад: напрыканцы жніўня на адной з дзіцячых пляцовак райцэнтра хлопчыкі пагулялі так, што работнікам РУП ЖКГ давядзецца рамантаваць гульнявое абсталяванне, праўда, за кошт бацькоў юных вандалаў. Спачатку непаўналетнія гулялі з дзвюма штыкецінамі, якія, як сцвярджаюць самі дзеці, ужо былі адарваны ад спартыўнага абсталявання пляцоўкі, затым у альтанцы хлопцы раскручвалі канат і заўважна падрапалі ім лакафарбавае пакрыццё.
Сяброў за такія паводзіны выклікалі на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, куды разам з матуляй прыйшоў толькі старэйшы, бо малодшы ў гэты дзень быў на прыёме ў доктара.
– Пляцоўка абсталявана для ўсіх дзяцей, і калі кожны пачне яе ламаць, то ў двары не застанецца месца для гульняў. Ты на некалькі гадоў старэйшы за свайго таварыша і павінен паказваць яму станоўчы прыклад, а не вучыць кепскаму, – паўшчувалі парушальніка члены камісіі.
Настаўнікі расказалі, што гэты падлетак цікавіцца спортам, наведвае секцыю, у школе ён дысцыпліну не парушае, на канікулах двойчы адпачываў у летніку, магчыма, яму проста не было куды дзець сваю энергію ў апошнія дні лета. Безумоўна, гэта не апраўдвае дрэнны ўчынак, з-за якога пацерпіць і бюджэт сям’і, хочацца спадзявацца, што свой урок з сітуацыі непаўналетні ўжо атрымаў.
Паколькі бацькам парушальнікаў і так давядзецца аплаціць рамонт, а грошы ў сем’ях, дзе гадуюцца дзеці, лішнімі не бываюць, то замест штрафу дарослым вынеслі афіцыйныя папярэджанні з пажаданнем, каб іх сыны больш не траплялі ў поле зроку праваахоўнікаў.
Вадзім БЯЛЯТКА,
старшыня камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ,
начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнт газеты “Перамога”, член камісіі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga