Паставіцца з усёй сур’ёзнасцю

Важнае Улада

У  райвыканкаме прайшла нарада па пытаннях арганізацыі і работы добраахвотных дружын па ахове правапарадку пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі.

Удзел у ёй прынялі кіраўнікі сельскіх выканаўчых камітэтаў, якія з’яўляюцца старшынямі грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, а таксама прадстаўнікі арганізацый, на базе якіх створаны добраахвотныя дружыны.

У цэнтры ўвагі – пытанні аснашчэння, навучання дружыннікаў, матывацыі жыхароў раёна да ўступлення ў рады вартавых грамадскага парадку.

Згодна з інфармацыяй АУС райвыканкама, на Дзятлаўшчыне знізілася колькасць злачынстваў і правапарушэнняў, учыненых у грамадскіх месцах, што ў тым ліку пацвярджае эфектыўнасць работы супрацоўнікаў праваахоўных органаў і іх добраахвотных памочнікаў. Аднак працаваць ёсць над чым, адзначыў Вадзім Аляксандравіч:

– Неабходна паставіцца да гэтай справы з усёй сур’ёзнасцю і давесці яе да лагічнага завяршэння. Не дапускаць фармалізму ў рабоце грамадскіх дружыннікаў, наладжваць работу разам з участковымі інспектарамі міліцыі, рэгулярныя рэйды па ахове грамадскага парадку. Пры прыёме ў рады добраахвотных дружын важна ўважліва ставіцца да кандыдатур спашукальнікаў.

Сярод іншага абмяркоўваліся абавязковае страхаванне ўдзельнікаў дружын і іх заахвочванне, метады якога выбіраюцца кіраўнікамі падраздзяленняў. Напрыклад, у некаторых прадпрыемствах раёна гэта некалькі дадатковых дзён да адпачынку, абумоўленыя калектыўным дагаворам.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga