Па тэме з аналітыкай. Хочаце дастойную пенсію – паклапаціцеся загадзя

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Тэма: Добраахвотнае страхаванне дадатковай назапашвальнай пенсіі дазволіць павысіць даход пры выхадзе на заслужаны адпачынак

Факт

З 1 кастрычніка 2022 года ў Беларусі пачаў працаваць механізм добраахвотнага страхавання дадатковай назапашвальнай пенсіі: у сілу ўступіў указ Прэзідэнта № 367. Цяпер паралельна з існуючай пенсійнай сістэмай, згодна з гэтым нарматыўным дакументам, кожны грамадзянін мае права сфарміраваць “другую пенсію” з фінансавай падтрымкай дзяржавы, а рэалізаваць праграму яе назапашвання кожнаму жадаючаму дапамагае РУСП “Стравіта” Звярніце ўвагу і на той факт, што наша дзяржава гарантуе страхавыя выплаты па дагаворах страхавання, заключаных гэтым страхавым прадпрыемствам.

Каментарый спецыяліста

Намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела пенсій і дапамогаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Баравік:

– Дадатковы від назапашвальнай пенсіі з фінансавай падтрымкай дзяржавы спалучае тры галоўныя плюсы. Работнік такім чынам атрымлівае даступны і зразумелы механізм зберажэння сродкаў на старасць з фінансавай падтрымкай дзяржавы. Для наймальніка фінансавыя затраты на пенсійныя ўзносы пры ўдзеле ў праграме не павялічваюцца. У дзяржавы ж фарміруецца доўгатэрміновы інвестыцыйны рэсурс.

Таму, калі чалавек жадае павысіць свой будучы пенсійны даход, ён можа падаць заяву і заключыць дагавор пры асабістым візіце ў РУСП “Стравіта” або ў электроннай форме праз афіцыйны сайт гэтай страхавой арганізацыі. Аб заключэнні дагавора і ўдзеле ў новай праграме трэба паведаміць наймальніку, бо менавіта ён па заяве работніка кожны месяц будзе пералічваць дадатковыя ўзносы на назапашвальную пенсію. Звярніце ўвагу і на тое, што пры ўступленні работніка ў новую праграму расходы яго наймальніка на выплату пенсійных узносаў не павялічацца.

Варта ўлічваць і той факт, што ўдзельнічаць у праграме назапашвання “другой пенсіі” могуць выключна тыя работнікі, за якіх наймальнік выплачвае абавязковыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, бо менавіта гэта дазваляе “запусціць” механізм дзяржаўнага суфінансавання будучай назапашвальнай пенсіі. Пачаць свой удзел у новым страхаванні неабходна не пазней чым за тры гады да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, бо за больш кароткі час назапасіць істотныя сродкі не атрымаецца.

Звярніце ўвагу

Максімальна магчымы агульны ўзнос работніка і наймальніка па новай праграме – гэта 13 %. Прычым важна ведаць, што толькі работнік сам выбірае памер штомесячнага ўзносу на назапашвальную пенсію, які можа складаць ад 1 % да 10 % яго заработнай платы. Калі выбарам работніка будуць 1 % ці 2 %, то наймальнік будзе ўносіць роўна такую ж суму. Калі ж работнік выбірае выплату 3 % і больш, то наймальнік штомесяц будзе ўносіць па 3 % (для яго гэта гранічная сума) ад фактычнага заробку гэтага чалавека. Разам з тым, уступленне ў новую праграму ніяк не адаб’ецца для работніка на суме будучай яго працоўнай пенсіі (звычайнай для нас, узносы на якую ідуць у ФСАН). Яе памер спецыялісты будуць вызначаць па тых жа правілах, што і ў работнікаў, якія не ўдзельнічаюць у добраахвотным страхаванні.

Выплата дадатковай назапашвальнай пенсіі будзе ажыццяўляцца пасля дасягнення чалавекам агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Штомесячны памер “другой пенсіі” для кожнага канкрэтна будзе залежаць ад сумы назапашаных сродкаў і выбранага грамадзянінам перыяду яе атрымання – на працягу 5 або 10 гадоў.

Вам спадабаецца

Для ўдзельнікаў новай праграмы прадугледжаны фінансавыя стымулы:

– гэта льгота па падаходным падатку, якая ўяўляе сабой сацыяльны падатковы вылік на суму страхавога ўзносу, выплачанага за кошт сродкаў работніка на будучую назапашвальную пенсію;

– дадатковыя назапашвальныя пенсіі вызваляюцца і ад падаходнага падатку з фізічных асобаў;

– захаванасць грашовых сродкаў гарантуецца;

– ёсць магчымасць атрымання пенсійнага зберажэння ў спадчыну.

Важна ведаць

У выпадку, калі смерць работніка, які прымае ўдзел у праграме па добраахвотным страхаванні дадатковай назапашвальнай пенсіі, настала да дасягнення ім агульнавызначанага пенсійнага ўзросту, яго спадчыннікам будзе выплачана сума ў памеры фактычна назапашаных страхавых узносаў з улікам даходнасці і за вылікам расходаў страхоўшчыка на вядзенне справы.

Калі ж смерць такога чалавека надыходзіць пасля агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, але ён не паспеў атрымаць належную яму суму страхавога забеспячэння, яе астатак таксама будзе выплачаны спадчыннікам.

Аднак варта ведаць і тое, што забраць узносы датэрмінова сам удзельнік пенсійнай праграмы не зможа, за выключэннем выпадкаў устанаўлення яму І ці ІІ групаў інваліднасці да дасягнення пенсійнага ўзросту.

Спыніць жа выплату страхавых узносаў можна. У такім разе фактычна выплачаныя ўзносы застануцца на імянным асабовым рахунку работніка, на іх будзе прадоўжана налічэнне даходнасці, а выплата гэтай дадатковай назапашвальнай пенсіі пачнецца пасля дасягнення агульнавызначанага пенсійнага ўзросту, штомесячны памер спецыялісты падлічаць зыходзячы з сумы назапашаных сродкаў і выбранага (5 ці 10 гадоў) тэрміну атрымання.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga