Аляксандр Вашко з дзяцінства марыў быць вадзіцелем, яго заўжды захаплялі вялікія машыны.
Ён атрымаў прафесію ў Казлоўшчынскім ліцэі і прадозўжыў сямейную дынастыю.
– У мяне і тата, і брат працуюць у гэтай сферы на Дзятлаўшчыне, я таксама задаволены, што выбраў спецыяльнасць вадзіцеля, – расказвае Аляксандр Расціслававіч.
Ён пачынаў свой працоўны шлях у сферы будаўніцтва, адкуль прыйшоў вадзіцелем МАЗа з прычэпам у Дзятлаўскі філіял КУП “Гроднааблпаліва”. За два гады работы паказаў сябе адказным, сумленным, працавітым і вынаходлівым. Без апошняга ў гэтай сферы таксама ніяк: транспарт у арганізацыі не новы, патрабуе свайго падыходу, уважлівага абслугоўвання, а часам і нестандартных рашэнняў у час рэйса. Рамонт таксама робіць уласнымі сіламі, пры падтрымцы калег па рабоце.
– Машыну 2002 года выпуску рыхтуюць да тэхагляду так, што яна праходзіць яго адразу і без нараканняў, – з гонарам заўважае кіраўнік філіяла Васілій Шпакоўскі. – У нас тут кожны чалавек на вагу золата, цэнім і заахвочваем.
І дадае, што Аляксандр Вашко не толькі выдатны спецыяліст, але і добры сем’янін, якога дома чакаюць з работы любячая жонка і сын.
– Працуем, стараемся, бо нам ёсць аб кім думаць, – кажа вадзіцель.
З нагоды прафесійнага свята ён жадае калегам і ўсім работнікам галіны моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях, каб праблемы міналі дзясятай дарогай, а ўдача заўжды ішла поруч.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga