У парку пасёлка Казлоўшчына, размешчаным на вуліцы Савецкай паміж будынкам сённяшняга Дома культуры і тэрыторыяй вытворчага ўчастка Дзятлаўскага РУП ЖКГ, ідуць пошукавыя работы па высвятленні месца масавага расстрэлу мірнага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Праводзяцца яны сіламі байцоў 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Падрабязней аб ходзе работ, фактах генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны на Дзятлаўшчыне расказаў пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго:
– Пры вывучэнні дакументаў у час расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе мірнага насельніцтва Беларусі быў выяўлены акт надзвычайнай камісіі ад 6 лютага 1945 года, згодна з якім у казлоўшчынскім садзе, размешчаным насупраць будынка былой нямецкай камендатуры, ускрыты чатыры магілы, у якіх былі знойдзены 654 чалавекі. З-за таго, што трупы моцна згнілі, апазнаць іх было немагчыма, і яны былі закапаны ў тым самым месцы.
У 2023 годзе пракуратурай і Следчым камітэтам Дзятлаўскага раёна былі праведзены следчыя дзеянні, агляд месца здарэння, дапытаны сведкі.
Валянцін Абухаў паказаў, што ў ходзе вывучэння архіўных дакументаў – актаў устанаўлення злачынстваў на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці быў знойдзены той самы акт злачынстваў, аформлены камісіяй Казлоўшчынскага раёна.
У сваіх сведчаннях Ігар Данільчык і Аксана Яфімік указалі на прыблізнае месца расстрэлу і пахавання мясцовых жыхароў.
– Таксама сведка Яфімік расказала, што ў 1995 годзе, калі вадзіла навучэнцаў школы на экскурсію ў мясцовы парк, міма праходзіла мясцовая жыхарка, якая адзначыла, што гэта месца нядобрае, бо тут у час вайны нямецкімі акупантамі былі застрэлены жыхары пасёлка, – расказаў Віталій Станіслававіч.
Ён заклікаў усіх, каму што-небудзь вядома пра расстрэлы ў Казлоўшчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны, паведаміць у пракуратуру раёна.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga