На нарадзе: надвор’е не восеньскае, але з летне-адпачывальнага стану прыйшоў час выйсці

Важнае Улада

Дзелавы панядзелак.

Традыцыйная штотыднёвая нарада ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага прайшла ў нетрадыцыйны дзень: панядзелак быў насычаны мерапрыемствамі пачатку новага навучальнага года, аўторак жа пачаўся з галоўных надзённых пытанняў усіх сфер дзейнасці.

Уборка кукурузы, ільну, бульбы; бяспека на дарогах; работа сістэмы “ИнспектКом”; завяршэнне падрыхтоўкі да ацяпляльнага перыяду; планы рэалізацыі новых будаўнічых аб’ектаў – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе.

Усё па тэхналогіі

Як і планавалася, на гэтым тыдні сельгаспрадпрыемствы раёна прыступаюць да ўборкі бульбы. Убіраюць кукурузу на сілас. Тэмп не вельмі актыўны. На гэтым засяродзіў увагу старшыня райвыканкама. Таксама Андрэй Садоўскі ўзяў на асабісты кантроль работу па ўборцы льну ў КСУП “Жукоўшчына”. Дарэчы, усяго гаспадаркам засталося ўбраць каля ста гектараў гэтай культуры.

Вываз саломы з палёў – таксама адна з важных і неабходных па аператыўным рэагаванні работ. Пакуль вызваляюцца чарговыя палі пад сяўбу льну, Дварэцкі льнозавод праводзіць перадпасяўную ачыстку ад пустазелля гербіцыдамі на аснове гліфасата свабодных плошчаў.

Андрэй Уладзіміравіч звярнуўся да праваахоўнікаў з настойлівым пажаданнем актывізаваць работу па прафілактыцы крадзяжоў на перыяд уборкі гаспадаркамі агародніны.

Ратаўнікі падвялі вынікі васьмі месяцаў бягучага года

На абласной нарадзе, якая папярэднічала раённай, было адзначана, што падраздзяленні МНС Гродзеншчыны за вызначаны перыяд здзейснілі 7881 выезд, з іх 3968 разоў выязджалі на аказанне дапамогі насельніцтву.

Большасць раёнаў, у тым ліку Дзятлаўскі, пацярпелі ад надзвычайных сітуацый прыроднага характару. Пры гэтым, аператыўна аднаўляліся ўсе сістэмы жыццядзейнасці.

29 жыхароў вобласці патанулі.

Адбылося 437 пажараў, у якіх загінулі 34 чалавекі, у нашым раёне – 2.

Кіраўнік раёна заўважыў, што ў штотыднёвых справаздачах Дзятлаўскага РАНС пастаянна фігуруюць лічбы выяўленых у домаўладаннях грамадзян аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў без элементаў сілкавання.

– Адна няспраўная батарэйка можа каштаваць жыцця. Чаму людзі гэтага не разумеюць? Як данесці да іх гэту простую, але такую важную інфармацыю? Дзясяткі прыкладаў, калі апавяшчальнік “выратоўваў” ад гібелі. Звяртайце на гэта ўвагу дзятлаўчан, – абазначыў задачу ратаўнікам Андрэй Садоўскі.

Юныя веласіпедысты і пешаходы – па-за правіламі

Тэму бяспекі прадоўжыў пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго. Ён адзначыў, што аддзелу адукацыі райвыканкама і дзяржаўтаінспекцыі на інфармацыйных гадзінах у школе варта нагадаць правілы дарожнага руху школьнікам.

– Дзеці вярнуліся з адпачынку ў горад, але летні настрой у іх яшчэ “не выветрыўся”. Многія на веласіпедах дабіраюцца ў школу, не зважаюць на дарожную абстаноўку ў “час пік”, перасякаюць праезную частку не па пешаходных пераходах або на веласіпедах не зніжаюць хуткасць пры гэтым. Наша сумесная задача – спрафілакціраваць аварыйныя сітуацыі з удзелам непаўналетніх, – падкрэсліў Віталій Станіслававіч.

Дадатковая адукацыя

3 верасня стартаваў тыдзень установаў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, мерапрыемствы якога ў 2024 годзе праходзяць пад дэвізам “Якасная дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі сёння – паспяховая будучыня заўтра!”. Як адзначыла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, флагманам рэалізацыі мерапрыемстваў тыдня ў нашым раёне выступае раённы Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, які прапануе цэлы комплекс займальных мерапрыемстваў для навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў, сярод якіх тэст-драйв прэзентацыя аб’яднанняў па інтарэсах новых напрамкаў дзейнасці, форум дзіцячых ініцыятыў з творчай прэзентацыяй раённага музея дадатковай адукацыі і дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, мультыпарк аб’яднанняў па інтарэсах, накіраваных на захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, развіццё народных традыцый, выхаванне любові да Айчыны, падтрымку творчых ініцыятыў моладзі.

Таксама ў рамках тыдня адбудзецца рэспубліканскае комплекснае спартыўна-масавае мерапрыемства “Тыдзень спорту і здароўя”.

Яшчэ Марына Яўгеньеўна паведаміла, што дзве вучаніцы – Аляксандра Лішык з Казлоўшчынскай сярэдняй школы і Лізавета Маліка з Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук – у першай чвэрці будуць навучацца ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga