“Міля Жалабоўскага” – з удзелам самога Міхаіла Жалабоўскага

Галоўнае Спорт і турызм

У Дзятлаве прайшлі спаборніцтвы, прымеркаваныя да Дня народнага адзінства, якія сабралі больш за 300 удзельнікаў з навучальных установаў і працоўных калектываў раёна.

Сёлетняя “Міля Жалабоўскага” стала адметнай, паколькі яе наведаў, той, у чый гонар была названа дыстанцыя – наш знакаміты зямляк, спартсмен-лёгкаатлет, рэкардсмен Міхаіл Жалабоўскі, які ў 1968 годзе выступаў на алімпіядзе ў Мехіка менавіта на дыстанцыі 1500 метраў.

Мерапрыемства распачалося ўрачыстасцю на плошчы 17 Верасня, да якой далучыліся прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, сілавых структур, арганізацый і навучальных установаў раёна. Павіншаваў землякоў са святам старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі:

– Дзень народнага адзінства – знамянальнае свята для кожнага беларуса. Яно сімвалізуе імкненне нашага народа захоўваць свае традыцыі, культуру і веру, самастойна вызначаць свой лёс, жыць у суверэннай і незалежнай дзяржаве, быць паўнапраўным гаспадаром на роднай беларускай зямлі. За шматвяковую гісторыю беларусы не раз даказвалі, што, аб’яднаўшыся, здольны пераадолець любыя цяжкасці. Аб’яднанне ўсходніх і заходніх рэгіёнаў Беларусі аказала вялікі ўплыў на жыцё нашай краіны, дазволіла нам выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, адрадзіць з руін гарады і прадпрыемствы, пабудаваць сучасную сацыяльна арыентаваную эканоміку.

І сёння, захоўваючы духоўныя і маральныя каштоўнасці нашага грамадства, важна разам, згуртавана берагчы і памнажаць здабыткі нашай краіны дзеля будучых пакаленняў беларусаў. Мы ведаем, што Радзіма ў нас адна, лёс краіны агульны, і мара кожнага з нас жыць у мірнай, квітнеючай Беларусі.

Дарагія землякі! Ад усёй душы жадаю вам здароўя, аптымізму і новых дасягненняў для працвітання і ў імя любімай Беларусі. Няхай мір і згода пануюць у кожнай сям’і, а адзінства і патрыятызм заўжды будуць надзейнай апорай ва ўмацаванні Айчыны.

Міхаіл Жалабоўскі далучыўся да віншаванняў і пажадаў спартсменам лёгкіх забегаў. Ён сам даў старт першай групе ўдзельнікаў “Мілі Жалабоўскага” і ўручыў спартсменам памятныя медалі на фінішы.

 

Такія сімвалічныя ўзнагароды атрымаў кожны, хто пераадолеў дыстанцыю ў 1500 мераў па вуліцах Дзятлава ў час святочнага забегу да Дня народнага адзінства. Пераможцы і прызёры ў кожнай узроставай групе падняліся на п’едэстал, дзе атрымалі медалі і дыпломы ад самога Міхаіла Мікалаевіча.

Персанальны рэкорд сёлетняй “Мілі Жалабоўскага” належыць спартсмену-аматару з Казлоўшчыны Аляксандру Палуносіку, які паказаў час 5 хвілін 3 секунды.

– Ёсць да чаго імкнуцца! Рэкорд Міхаіла Жалабоўскага на алімпіядзе – 3 хвіліны 59 секунд, – заўважыў начальнік сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда. – Дзякуй усім за ўдзел у стартах!  Жадаю даорслым і юным дзятлаўчанам заўсёды сябраваць са спортам.

Таксама былі падведзены камандныя вынікі. Пераможцай “Мілі Жалабоўскага” сярод арганізацый раёна стаў калектыў Дзятлаўскага РУП ЖКГ, сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў – КСУП “Войневічы”, сярод установаў адукацыі – Раклевіцкая базавая школа. У раённай спартакіядзе школьнікаў лепшымі сталі навучэнцы Новаяльнянскай ім. А.А. Шаўчэнка і Гезгалаўскай сярэдніх школ.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: