Сучаснаму чалавеку складана ўявіць сваё жыццё без інтэрнэту, які дазваляе падтрымліваць cувязь з блізкімі за сотні кіламетраў, папаўняць веды, знаходзіць сяброў і нават каханне, аднак неразумнае выкарыстанне віртуальнай прасторы, месенджараў і сацыяльных сетак можа прывесці да бяды.
Чаго трэба асцерагацца ў інтэрнэце і якіх правілаў бяспекі прытрымлівацца, расказала следчы раённага аддзела Следчага камітэта Вольга Жыбко:
– Несвядомае выкарыстанне віртуальнай прасторы і месенджараў, асабліва дзецьмі і падлеткамі, можа мець сумныя наступствы: ад учынення ў адносінах да карыстальніка махлярстваў да педафіліі або падштурхоўвання да суіцыду праз уцягванне ў небяспечныя для жыцця гульні.
Больш упэўнена “падарожнічаць” па інтэрнэце дзецям і дарослым дапамогуць некалькі нескладаных правілаў бяспекі. Па-першае, нельга верыць усяму, што там размешчана, да любой інфармацыі варта адносіцца крытычна і пры неабходнасці правяраць яе ў спецыялістаў ці людзей дасведчаных у той ці іншай сферы.
Па-другое, не трэба наведваць незнаёмыя і падазроныя сайты, устанаўліваць такія дадаткі на свой тэлефон, бо на іх можа знаходзіцца дэструкцыйная, парнаграфічная інфармацыя або сцэны жорсткасці. Часам падобныя сайты і дадаткі могуць збіраць інфармацыю пра наведвальнікаў, якая ў наступным будзе выкарыстана супраць іх.
Па-трэцяе, ні пры якіх абставінах не паведамляйце нікому свае персанальныя даныя, абаненцкія нумары, інфармацыю пра сям’ю і асабліва нельга называць рэквізіты банкаўскіх картак і рахункаў, захоўваць падобную інфармацыю ў сваіх сацыяльных сетках, перасылаць фотаздымкі пашпарта, іншых дакументаў праз інтэрнэт, бо імі могуць завалодаць махляры і ўчыніць злачынства.
Каб абараніць ад інтэрнэт-зламыснікаў сваіх дзяцей, з імі трэба наладзіць даверлівыя адносіны, каб непаўналетнія дзяліліся з бацькамі ўсім, што з імі адбываецца, у тым ліку ў інтэрнэце. Дарослым людзям неабходна прыслухоўвацца да дзяцей і не баяцца ў выпадку неабходнасці звяртацца ў праваахоўныя органы.
Будзьце абачлівымі і акуратнымі ў віртуальнай прасторы, памятайце, што кожнае дзеянне можа быць выкарыстана супраць вас.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga