Імёны герояў у помніках і турыстычных маршрутах

Важнае Улада

У райвыканкаме пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Вадзіма Бяляткі з удзелам спецыялістаў сектара спорту і турызму райвыканкама, турыстычнага інфармацыйнага цэнтра, іншых адказных службаў адбылося пасяджэнне, у час якога разгледзелі інфармацыю з пракуратуры Гродзенскай вобласці аб удасканаленні гісторыка-культурнага турызму.

Гэта звязана са значнымі датамі – 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якую наша краіна адзначае сёлета, і 80-годдзем Вялікай Перамогі – гэты юбілей будзем святкаваць у 2025 годзе.

– Кірунак надзвычай актуальны, паколькі гістарычнай памяці ў Рэспубліцы Беларусь надаецца вялікая ўвага, што замацавана і на канстытуцыйным узроўні, – зазначыў Вадзім Бялятка. – Увага звяртаецца на тое, каб помнікі і пахаванні воінаў і мірнага насельніцтва, загінулага ў Вялікай Айчыннай вайне, не толькі ўтрымліваліся ў належным стане, але былі ўключаны ў экскурсійныя маршруты.

Расказваючы аб развіцці турызму на Дзятлаўшчыне, галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка адзначыла, што артыкулам 15 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь забяспечваецца захаванне гістарычнай памяці і праўды аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і адзін з дзейсных сродкаў яе ўвекавечання – турыстычная дзейнасць. Згодна з артыкулам 12 “Закона аб турызме” на раённыя выканаўчыя камітэты ўскладзена адказнасць за стварэнне ўмоваў для турызму, а турыстычныя інфармацыйныя цэнтры ажыццяўляюць збор, назапашанне, аналіз і распаўсюджванне інфармацыі аб турыстычных рэсурсах, прапануемых экскурсіях, іншай неабходнай для экскурсійнай дзейнасці, прычым акцэнт робіцца на тым, што найбольш папулярнай і выніковай крыніцай інфармавання з’яўляецца інтэрнэт. Усяго на Гродзеншчыне працуюць 13 ТІЦаў, у тым ліку адзін у нашым раёне. На Дзятлаўшчыне ў спіс абавязковых аб’ектаў для азнаямлення ўключаны помнікі “Дзеці ліхалецця” і Іосіфу Філідовічу. На сайце райвыканкама ёсць пералік тураб’ектаў ваенна-гістарычнай спадчыны, уключаных у маршруты, якіх усяго 15, усе яны знаходзяцца ў адкрытым доступе. Што тычыцца мемарыялаў “Дзеці ліхалецця” і Іосіфу Філідовічу, яны ўключаны ў турыстычныя маршруты “Знаёмцеся – Дзятлава” і “Дарогамі Дзятлаўшчыны”, а помнік земляку-герою яшчэ і ў маршруты “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы” і “Па слядах герояў”, які быў адкрыты да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У цэлым у раёне турызму надаецца вялікая ўвага, распрацаваны комплексны план па чатырох тэматычных кірунках, адным з якіх з’яўляецца “Дзятлаўшчына гераічная”, і яму ў сувязі з юбілейнымі датамі надаецца асаблівая ўвага.

Сістэмная работа і ўзаемадзеянне паміж раённымі службамі і арганізацыямі дапамаглі стварыць новыя турыстычныя прадукты, прысвечаныя перыяду Вялікай Айчыннай вайны: “Па слядах герояў”, “Дзяцінства, апаленае вайной”, “Халакост на Дзятлаўшчыне”, у тым ліку анімацыйных “На сонечнай палянцы”, “Сустрэча каля партызанскага вогнішча на прывале” і іншых. Менавіта праграма “Па слядах герояў” сёлета была прадстаўлена на міжнародным вясновым кірмашы турпаслуг “Адпачынак-2024”, уся канцэпцыя выступлення базіравалася на ваенна-патрыятычнай тэматыцы. Маршрут “Дзятлаўшчына гераічная” неаднаразова асвячаўся на нацыянальных тэле- і радыёканалах, размешчаны ролікі і ў інтэрнэце, ёсць інфармацыя на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме.

Дзякуючы інфармацыйнай рабоце наш раён прыняў 62 экскурсіі, 1176 турыстаў, 80 % ад агульнай колькасці якіх склала моладзь, у тым ліку з іншых рэгіёнаў, 4 % – госці з Расійскай Федэрацыі, якія адпачывалі ў санаторыі “Радон”.

– Захаванне памяці аб подзвігах савецкага народа і землякоў у гады ваеннага ліхалецця – наш святы абавязак, – падкрэсліў Вадзім Бялятка. – Сучаснікі павінны ведаць, якую цану на алтар Вялікай Перамогі прынеслі беларусы. Работа ў гэтым напрамку будзе прадоўжана, у тым ліку па папулярызацыі экскурсій у сродках масавай інфармацыі і інтэрнэце.

Напрыканцы ўдзельнікі сустрэчы пазнаёміліся з паліграфічнай прадукцыяй і чэк-лістамі, якія дапамагаюць гасцям нашага раёна зарыентавацца ў маршрутах, выбраць найбольш прыдатныя і цікавыя для сябе, былі прадстаўлены і выданні для самых маленькіх турыстаў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga