“Гродзеншчына: ты багацце маё і любоў”

Важнае Культура і адпачынак

Пад такой назвай у Дзятлаўскай раённай бібліятэцы ладзілася дыялогавая пляцоўка, прымеркаваная да 80-годдзя з дня ўтварэння Гродзенскай вобласці.

Менавіта ў верасні 1944 года пачалася новая веха ў гісторыі развіцця Прынёманскага краю. Гэта юбілей знакавы для ўсіх жыхароў рэгіёна.

Вядучыя расказалі гасцям пра гісторыю ўтварэння Гродзеншчыны, яе састаў, асноўныя этапы развіцця, існаванне ў гады Вялікай Айчыннай вайны і аднаўленне ў пасляваенны час.

Цікавым быў і відэафільм, у якім паказана, чаго дасягнула наша вобласць за 80 гадоў, як працуюць прамысловыя прадпрыемствы, транспарт, сувязь, жыллёва-камунальная гаспадарка, развіваюцца сельская гаспадарка, адукацыя, ахова здароўя.

Дзятлаўскі раён з’яўляецца неад’емнай часткай Гродзенскай вобласці, робіць важкі ўклад у яе развіццё і працвітанне.

Пра турыстычную сферу нашага раёна расказала спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турінфармацэнтра Алена Абрамчык. Яна падарыла бібліятэцы кнігі пра раён, якія сёлета падрыхтаваў і выдаў цэнтр.

Пра гістарычныя падзеі, вядомыя мясціны вобласці нагадаў дырэктар дзятлаўскага музея Сяргей Каско.

Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская адзначыла, што дастойную нішу ў сітэме адукацыі Гродзенскай вобласці займае Дзятлаўскі раён, мы ганарымся дасягненнямі нашых навучэнцаў і педагогаў.

Сваімі ўспамінамі аб тым, як развіваўся і наш раён, і вобласць падзяліліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі і старшыня Дзятлаўскага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік. За гэтыя гады, асабліва за апошнія 30, было шмат зроблена ў рэгіёне і сёння мы жывём у цудоўнай, квітнеючай Гродзенскай вобласці. Пажадалі, каб і надалей нам жыць пад мірным сонцам, не ведаць ніякіх няўзгодаў і заставацца сапраўднымі патрыётамі.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: