ГрадусПлюс. Ячэйка без ключа

Важнае Грамадства

“Ничто не вечно под луной” – яшчэ ў 16 стагоддзі сказаў Шэкспір. Надзвычай актуальна гэта і ў сучасным грамадстве: калі вы думаеце, што праблема вырашана, праверце праз пару месяцаў і вырашайце зноў.

Так склалася і з сумна вядомай камерай захоўвання гастранома “Родны Кут” у цэнтры Дзятлава, пра якую толькі летась пісалі ў гэтай рубрыцы. За гэты невялікі час усё вярнулася на пачатковую кропку, калі не стала горш.

Нядаўна наведала гандлёвы аб’ект па сваіх справах. У руках былі рэчы, таму вырашыла пакласці іх у камеру захоўвання. Давялося пашукаць ячэйку, дзе быў бы цэлы замок і прысутнічаў ключ. Пакуль завяршыла гэты квэст, да камеры захоўвання падышла пенсіянерка.

– Бачыце, якое бязладдзе робіцца! Няма куды нават рэчы пакласці! – абуралася яна.

– Гляньце, ключоў засталося толькі пару штук, хоць людзей у магазіне амаль няма, – далучылася да размовы другая жанчына. – Калі ўжо зробяць зручна для людзей?

Літаральна летась шкафчыкі ўжо рамантавалі, але надоўга гэтага не хапіла. І што цяпер? Пакінуць усё на самацёк, маўляў, усё адно сапсуюць?.. Напрыклад, у нядаўна адкрытым у райцэнтры магазіне “Fix Price” увогуле не ўсталявалі камеры захоўвання, што вельмі нязручна для пакупнікоў.  Бясспрэчна, наведнікі магазіна – варвары, раз паламалі замкі і скралі ключы. Але пакінуць так, як ёсць, не вельмі лагічна і гуманна атрымліваецца. Так можна не толькі да безгаспадарлівасці дайсці, а нават да крыміналу. Аб гэтым расказаў оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку АУС райвыканкама Уладзіслаў Касцюк:

–  У гэтым годзе ў магазіне “Родны Кут” адбыўся такі выпадак. Мясцовая жыхарка зрабіла пакупкі ў магазіне “Wildberries” і пакінула іх у камеры захоўвання, не зачыніўшы на ключ. Іншыя пакупнікі таксама пакінулі свае рэчы ў суседняй ячэйцы, папрасіўшы забраць іх свайго знаёмага, які знаходзіўся з імі ў магазіне. Мужчына, вырашыўшы, што ўсе рэчы належаць яго прыяцелям, забраў і патрэбныя пакупкі, і рэчы жанчыны з суседняй ячэйкі. Калі ён прыехаў дадому, высветлілася, што ён прывёз з магазіна адзін лішні пакет, які той неадкладна вярнуў у раённы аддзел міліцыі. Асоба гаспадыні знаходкі была ўстаноўлена, пакет вернуты. У дадзеным выпадку ўсё скончылася без наступстваў. Аднак з-за няспраўнасці ячэек рэчы ў магазіне часта пакідаюцца без нагляду, чым могуць скарыстацца зламыснікі. Паважаныя дзятлаўчане, будзьце ўважлівыя! Калі няма магчымасці пакінуць свае рэчы на захоўванне бяспечна, не рабіце гэтага, каб пазбегнуць праблем.

Калі з пакупнікамі ўсё зразумела, то да адміністрацыі магазіна пытанні ўсё ж застаюцца. Шкада, што людзі не цэняць тое, што для іх робіцца, аднак бяспеку на гандлёвым аб’екце падтрымліваць неабходна.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga