Сёння інтэрнэт-тэхналогіі развітыя настолькі, што стала вельмі проста выказаць уласнае меркаванне публічна і заявіць сябе экспертам у любой сферы.
Таксама нескладана падаць любую сітуацыю са свайго пункта гледжання, прадставіўшы яго ісцінай у апошняй інстанцыі.
Некаторыя называюць такіх людзей “хатнімі” экспертамі, толькі паблажліва ўсміхаючыся, іншыя – падтрымліваюць ажыятаж. Аднак усе мы часам забываем, што жывём у прававой дзяржаве, і ў выказваннях, а асабліва абвінавачваннях, якія тычацца не толькі нас саміх асабіста, павінны быць карэктнымі і аргументаванымі, не выходзіць за межы закона.
Чаго не скажаш пра аўтара роліка ў папулярным сервісе TikTok, апублікаванага пад нікам ar***85 ад 23 верасня. У кадры – возера пасёлка Казлоўшчына, за кадрам – каментарый аўтара:
“Сёлета гэта возера было спушчана для ачысткі, але ачыстка гэтага возера не ажыццяўлялася, яно стала яшчэ больш зарослым. Звароты ў мясцовыя органы ўлады выніку не далі. “Няма грошай”, – адказ. Нічога дзіўнага няма: спачатку робім, пасля думаем”.
Аднак усе сёння ведаюць, што адной, тым больш такой крыніцы інфармацыі, давяраць не варта. Па каментарый звяртаемся да намесніка старшыні райвыканкама Дзмітрыя Баравіка.
– Сапраўды, электронны быў зварот у Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, разгледжаны ў межах кампетэнцыі Дзятлаўскага райвыканкама. 15 верасня грамадзянін атрымаў падрабязны адказ з тлумачэннем сітуацыі, – расказаў Дзмітрый Расціслававіч. – Пытанне аб ачыстцы возера ў гарпасёлку Казлоўшчына знаходзіцца на кантролі райвыканкама. Адпаведна даручэнню Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь было падпісана рашэнне Дзятлаўскага райвыканкама ад 16 лютага 2022 года “Аб вызначэнні водных аб’ектаў для правядзення работ па добраўпарадкаванні паверхневых водных аб’ектаў”, у пералік былі ўключаны возера па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве і возера ў Казлоўшчыне па вуліцы Азёрнай. Для ачысткі вадаёма ў Казлоўшчыне ў 2023 годзе была створана праектна-каштарысная дакументацыя, згодна з якой кошт работ складае больш за 491 тысячу рублёў. У межах першага пускавога комплексу праведзены работы па скідванні вады, ачыстцы канала, дэмантажы канструкцый згодна з праектам, праведзена адсыпка дарогі ўздоўж возера.
Работы па ачыстцы донных адкладанняў, уладкаванні берагавой лініі ў другім пускавым комплексе запланаваны на 2025 год, фінансаванне з абласнога бюджэту будзе прадоўжана. Пытанне застаецца на асаблівым кантролі райвыканкама, паколькі мае важнае значэнне для добраўпарадкавання пасёлка.
Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Балькоўскі запэўніў, што ўсе работы на возеры выконваюцца згодна з праектам, знаходзяцца на кантролі раённай улады і пад увагай грамадскасці.
Дык чаго ў выніку дабіўся аўтар сюжэта? Хуткага “хайпу”, соцень лайкаў і дзясяткаў каментарыяў пераважна ад тых, хто ад тэмы далёкі. Тым часам работы па добраўпарадкаванні возера прадаўжаюцца, усё запланаванае будзе рэалізавана ў свой час і ў поўным аб’ёме. Магчыма, не так хутка, як хацелася б некаторым, але законна, з афармленнем адпаведнай дакументацыі і выкананнем нормаў.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga