ГрадусПлюс. Не даводзьце да крайнасці

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Неплацельшчыкі камунальных паслуг – людзі адважныя і нават бясстрашныя.

Многія з іх, напэўна, думаюць: “Ну і што мне зробяць? Я ва ўласнай кватэры”. Такія “геройскія” гісторыі маюць прадказальны сюжэт. Праз пару месяцаў вы застаяцеся без цывілізацыі ў выглядзе святла, ацяплення і вады, а праз паўгода – і без свайго камфартабельнага “гняздзечка”. У суд Дзятлаўскага раёна штогод падаюцца іскі на высяленне, і большасць з іх задавальняецца не на карысць гаспадароў кватэр.

Асабліва самаўпэўненым юрыст РУП ЖКГ Ігар Глускі нагадвае, што такія жорсткія меры могуць прымяняцца не толькі да наймальнікаў арэнднага жылля, але і да ўласнікаў, тыя таксама могуць страціць свае асабістыя метры:

– Згодна з Жыллёвым кодэксам Рэспублікі Беларусь, калі ўласнік жылога памяшкання не аплаціў запазычанасць за камунальныя паслугі на працягу аднаго месяца пасля атрымання папярэджання, а магчымасці яе пагашэння за кошт маёмасці няма або ён зноў прадаўжае рабіць парушэнні, мясцовы распарадчы орган мае права падаць іск у суд аб платным адчужэнні жылога памяшкання. У гэтым годзе судом Дзятлаўскага раёна вынесены тры такія рашэнні ў дачыненні да ўласнікаў жылых памяшканняў у аграгарадку Гезгалы, у дачыненні дзесяці накіраваны папярэджанні аб пагашэнні запазычанасці за жыллёва-камунальныя паслугі і намеры звярнуцца ў суд.

Назапасіўшы шасцімесячную запазычанасць за камуналку, можна разам з членамі сям’і пазбавіцца і арэнднага жылля. Сёлета было пададзена пяць іскаў аб высяленні без прадастаўлення іншага жылога памяшкання, чатыры з іх задаволены, у адным выпадку наймальнік аплаціў запазычанасць. Помніце, што парушэнне правілаў карыстання жылымі і дапаможнымі памяшканнямі (падвал, лесвічная пляцоўка) таксама нічым добрым не скончыцца.

Выснова з усяго сказанага адна: мець даўгі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг не проста кепска, а і небяспечна. Вокам мігнуць не паспееце, як застаняцеся не толькі без вады і цяпла, але рызыкуеце застацца з пустым кашальком, атрымаць забарону на выезд за мяжу, страціць маёмасць і жыллё. Каб не пацвердзіць такія страшныя прагнозы, дастаткова своечасова аплачваць камуналку – да 25 чысла кожнага месяца.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga