Дзяніс Трафімчык: “Мы ствараем нешта новае разам”

Важнае Грамадства

У Мінску праходзіць першы форум блогераў Беларусі “БлогБай. Нам ёсць што сказаць!”, які сабраў удзельнікаў з Беларусі, Расіі і Латвіі.

Арганізатарам мерапрыемства выступіла Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і РУП “Белтэлекам”. Удзельнічаюць у ім і дзятлаўчане. Наш круцілавіцкі аграблогер Дзяніс Трафімчык падзяліўся ўражаннямі ад падзеі:

– Прыехаў адразу на сустрэчу ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, дзе нас запрасілі да дыялогу на актуальныя тэмы. Цікавыя спікеры, жывое ўзаемадзеянне з аўдыторыяй, з задавальненнем іх паслухаў, даведаўся шмат новага. На адной пляцоўцы сустрэліся вопытныя журналісты, якія працуюць у вядучых тэлеканалах нашай краіны, і блогеры, якія самастойна робяць крокі да аўдыторыі, часам інтуітыўна. Карысна было пагутарыць, абмяняцца вопытам, былі цікавыя практычныя кейсы. З самых запамінальных сустрэч на форуме – знаёмства з міністрам інфармацыі Маратам Маркавым, ён сказаў, што таксама глядзіць аграблог. Насычаным атрымаўся візіт у Белтэлерадыёкампанію, убачылі павільёны, дзе здымаюцца папулярныя беларускія тэлеперадачы. Там я даў інтэрв’ю Першаму нацыянальнаму тэлеканалу. Прыемна было сустрэць шмат знаёмых з розных сфер – ад ідэолагаў сельгаспрадпрыемстваў да тэлевядучых. Самае галоўнае, што мы не толькі стасуемся, абменьваемся вопытам і ідэямі, але і ствараем нешта новае разам. Усе мы падзяліліся на каманды на чале з куратарам-тэлежурналістам, каб за час форуму стварыць новы цікавы праект, які будзем прэзентаваць. Пераможцы атрымаюць фінансаванне на рэалізацыю ідэі ад Міністэрства інфармацыі.

На маю думку, такая сустрэча дапаможа аб’яднаць тэлебачанне і блогераў для плённага ўзаемадзеяння для стварэння якаснага нацыянальнага інфармацыйнага прадукта. Хацелася б прадоўжыць такое партнёрства.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga