Дзелавы панядзелак. На нарадзе: вакцынацыя – самы танны спосаб захаваць здароўе

Важнае Улада

Пра супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы, бяспеку на дарогах, фінансавую дысцыпліну, Дзень пажылых людзей – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Што важна ведаць аб прышчэпках?

Прышчапляючы сябе, вы абараняецеся ад многіх сур’ёзных і патэнцыйна смяротных захворванняў, абараняеце іншых людзей ад гэтых інфекцый, ствараючы калектыўны імунітэт – асабліва гэта важна для тых людзей, якія не могуць атрымліваць прышчэпкі па розных прычынах.

Традыцый на вакцынацыя ад грыпу на Дзятлаўшчыне пачнецца з 1 кастрычніка. У 2024 годзе ў раёне плануецца прышчапіць 5753 чалавекі. Для вакцынацыі за кошт бюджэтных сродкаў Міністэрствам аховы здароўя закуплена вакцына “Грыпол плюс”. Для вакцынацыі за кошт асабістых сродкаў грамадзян заяўлена вакцына “Ваксігрып тэтра”.

19 медыцынскіх брыгад будуць працаваць на выязной аснове для вакцынацыі насельніцтва ў сельскай мясцовасці, на прадпрыемствах, арганізацыях і ўстановах.

Важнае, што адзначалі на нарадзе, – вакцыны, якімі медыкі прапануюць прышчапіцца, ужо правераныя гадамі, галоўнае не адкладваць вакцынацыю “ў доўгую скрыню”, каб даць час арганізму выпрацаваць антыцелы супраць віруса. Вакцынацыя – танны спосаб захаваць здароўе ў параўнанні з выдаткамі, якія неабходны для лячэння любога захворвання.

“Апгрэйд” сістэмы для бяспечных умоў жыцця

Як расказаў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык, цяпер на Дзятлаўшчыне праводзіцца мадэрнізацыя сістэмы апавяшчэння насельніцтва.

– Аўтаматызаваная сістэма цэнтралізаванага апавяшчэння (АСЦА) насельніцтва з’яўляецца састаўной часткай сістэмы кіравання грамадзянскай абаронай і адзінай дзяржаўнай сістэмай папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Яна забяспечвае магчымасць экстраннага інфармавання людзей аб надзвычайнай сітуацыі, – падкрэсліў Сяргей Сяргеевіч. – АСЦА ўяўляе сабой складаную тэхнічную праграмна кіруемую сістэму, якая ўключае размешчаныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь больш за 4 тысячы электрасірэн і сістэм гучнагаварыцельнай сувязі, а таксама абсталяванне і лічбавыя каналы перадачы даных. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 ліпеня 2021 года № 292 “Аб зацвярджэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады” для забеспячэння бяспекі насельніцтва ў выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый ва ўсіх раёнах рэспублікі прадугледжваецца завяршэнне мадэрнізацыі АСЦА.

На Дзятлаўшчыне плануецца завяршыць работы праз тры тыдні.

Святлоадлюстроўваючыя элементы для пешаходаў і веласіпедыстаў

Па лініі аддзела ўнутраных спраў закранулі некалькі тэм. Па-першае, ізаляцыю грамадзян, якія злоўжываюць алкагольнымі напоямі і нідзе не працуюць, у лячэбна-працоўны прафілакторый. На мінулым тыдні чарговыя 5 дзятлаўчан паехалі прымусова лячыцца і працаваць. Усяго з пачатку года 29 жыхароў раёна накіраваны ў ЛПП.

Другая тэма – крыптавалютчыкі. Майнінг, трэйдзінг, стэйкінг – далёка не ўсе прапанаваныя ў інтэрнэце папулярныя спосабы заробку на крыптавалюце. Прадстаўнікі біржаў абяцаюць велізарны заробак з мінімальнымі ўкладаннямі, а таксама бясплатнае суправаджэнне. Але і тут трэба быць асцярожным.

Як адзначыў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі, на мінулым тыдні двое жыхароў раёна, непрацуючы мужчына і жанчына ў дэкрэтным водпуску, лічачы сябе дастаткова дасведчанымі крыптавалютчыкамі, не ўлічылі патрабаванняў заканадаўства пры ажыццяўленні такога віду дзейнасці. Незарэгістраваныя як індывідуальныя прадпрымальнікі, яны куплялі і прадавалі крыптавалюту на гандлёвых біржах. Атрымалі невялікія даходы: 151 і 63 рублі адпаведна, а вось па законе іх чакае прадугледжаны артыкулам 13.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях “Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць” штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічыняў з канфіскацыяй да 100 % сумы даходу, атрыманага ў выніку такой дзейнасці, прылад і сродкаў здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння або без канфіскацыі.

Трэцяе, на што звярнулі ўвагу, – бяспека пешаходаў і веласіпедыстаў.

– Разам са скарачэннем светлавога дня пагаршаецца сітуацыя па дарожна-транспартных здарэннях з удзелам пешаходаў і веласіпедыстаў, якія не пазначаюць сябе або свой транспартны сродак святлоадлюстроўваючымі элементамі. Пра важнасць выкарыстання флікераў на адзежы; катафотаў, фар на веласіпедах варта нагадаць і ў працоўных калектывах, і бацькам дашкольнікаў, школьнікаў, – паставіў задачу адказным службам кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: