Штотыднёвая раённая нарада 17 верасня пачалася з віншаванняў з Днём народнага адзінства ад першага намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталія Шулейкі, пагаварылі пра дзядоў і прадзедаў, спрадвечна беларускія землі, незалежнасць і будучыню.
Адзін раён – адзін праект
На абмеркаванне асноўных надзённых пытанняў на гэты раз у пашыраным фармаце было вынесена інвестыцыйнае праектаванне. У рамках планаў па прынцыпе “Адзін раён – адзін праект” на Дзятлаўшчыне цяпер рэалізуецца стварэнне вытворчасці перадізаляваных водаправодных труб ТАА “Ізакам Пласт”. Тэрмін увядзення вытворчасці ў эксплуатацыю – да 2025 года. Тут плануецца адкрыць 20 новых працоўных месцаў.
Акрамя таго, унесена прапанова аб уключэнні ў пералік інвестыцыйных праектаў у Дзятлаўскім раёне будаўніцтва яшчэ аднаго корпуса санаторыя “Альфа Радон” ТАА “Торвлад” з мэтай пашырэння комплексу паслуг. Тэрмін рэалізацыі праекта – 2024-2026 гады. Таксама будуць створаны 20 новых працоўных месцаў.
Усяго ў Гродзенскай вобласці ўключаны ў рэалізацыю 21 праект, 4 з іх ужо поўнасцю завершаны і актыўна функцыянуюць, 17 – у актыўнай фазе будаўніцтва. Праекты, уключаныя ў дадзеную праграму, з’яўляюцца экспартна арыентаванымі, а таксама імпартазамяшчальнымі і інавацыйнымі.
Супрацьпажарная бяспека – аснова
Нашы дамы сёння літаральна “нашпігаваныя” разнастайнай бытавой тэхнікай. А яна, як паказваюць упартыя факты, нярэдка становіцца прычынай пажару. Прычым колькасць загаранняў у жылых дамах і кватэрах, звязаных з грубымі парушэннямі правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі электрапрыбораў, павялічваецца менавіта з надыходам ацяпляльнага сезона. А для пажылога насельніцтва, якое жыве ў прыватных дамах і ацяпляе іх з дапамогай пячэй, халодны перыяд надвор’я ўвогуле ператвараецца ў доўгую паласу перашкодаў. Асабліва для тых, з кім побач няма родных.
Цяпер на Дзятлаўшчыне зарэгістраваны 502 чалавекі, якія жывуць адзінока.
Як падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка, на жаль, многія дзятлаўчане з вызначанай катэгорыі наадрэз адмаўляюцца ад пераезду ў сацыяльныя ўстановы, тлумачаць, што прывыклі жыць у сваіх дамах, спраўляюцца з побытавымі пытаннямі самастойна. Але менавіта яны, па статыстыцы, часцей трапляюць у зводкі вогненных трагедый. У нашым раёне адзінокім састарэлым грамадзянам надаецца шмат увагі, з імі працуюць індывідуальна. Іх ведаюць работнікі сельвыканкамаў, кожны тыдзень наведваюць члены назіральных камісій, асобна дапамагаюць у рамках рэалізацыі дзяржаўных праграм ратаўнікі з рамонтам пячэй, заменай электраправодкі і іншым. Дарэчы, па інфармацыі начальніка Дзятлаўскага РАНС Сяргея Казушчыка, сёлета ўсе запланаваныя работы па лініі сацабароны выкананы ў поўным аб’ёме.
Чыстая дарога
Заўвагі па неабходнасці расчысткі палосаў адводу аўтамабільных дарог раёна прагучалі ў адрас дарожных службаў.
– На адрэзку дарогі Дзятлава – Дварэц кустоўе “напаўзло” на праезную частку, немагчыма раз’ехацца сустрэчным аўтамабілям. Навядзіце парадак, стварыце бяспечныя ўмовы для ўдзельнікаў дарожнага руху, – звярнуўся да адказных службаў Віталій Шулейка.
Таксама Віталій Тадэвушавіч нагадаў пра ямачны рамонт дарог у райцэнтры і пасёлках:
– Надвор’е пакуль дазваляе праводзіць такія работы, але яно не застанецца доўгім. Як сельскай гаспадарцы, так і дарожным службам неабходна максімальна выкарыстоўваць патэнцыял пагодлівых дзён.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga