Дзе і як развіваць турызм: у аб’ектыве Наваельня

Важнае Спорт і турызм

У Новаяльнянскім доме культуры з удзелам арганізацый і службаў раёна, якія задзейнічаны ў развіцці турызму на Дзятлаўшчыне, адбылося выязное пасяджэнне міжведамаснага каардынацыйнага савета па фізічнай культуры, спорце і турызме пры Дзятлаўскім райвыканкаме.

– У Беларусі актыўна развіваецца турызм, абнаўляюцца і будуюцца аб’екты, дзейнічае бязвізавы рэжым, а таму арганізацыйная работа ў гэтым кірунку ажыццяўляецца і ў раёнах, для гэтага пры райвыканкамах, у тым ліку Дзятлаўскім, працуюць каардынацыйныя саветы, – адзначыў загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда. – Распрацаваны гадавы план мерапрыемстваў, і гэта сустрэча праходзіць у яго рамках, а выязны фармат практыкуецца, каб больш дэталёва азнаёміцца з турыстычным патэнцыялам мясцовасці, прыняць максімальна аб’ектыўныя рашэнні.

– Развіццё турызму – адзін з прыярытэтных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага росту краіны, і людзі ўсё часцей выбіраюць для адпачынку менавіта Беларусь, аднак для прываблівання турыстаў неабходны не толькі мясцовыя славутасці і прыгожыя краявіды, але і развітая інфраструктура, – упэўнена старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Людміла Радзевіч, якая расказала аб асаблівасцях развіцця турызму на тэрыторыі сельсавета. – Наваельня – унікальны куточак Гродзеншчыны, які дзякуючы сваёй гістарычнай спадчыне і прыродзе, можа стаць перспектыўным турыстычным напрамкам. Сярод ключавых славутасцяў – народны музей Новаяльнянскай сярэдняй школы “Дзеці ліхалецця”, заснаваны 18 верасня 1988 года і прысвечаны трагедыі міжнароднага інтэрнацыянальнага піянерскага лагера “Наваельня”, адпачывальнікаў якога ў пасёлку заспела Вялікая Айчынная вайна. Музей праводзіць тэатралізаваныя экскурсіі з музычным суправаджэннем, што робіць наведванні асабліва кранальнымі, ён уключаны ў турыстычны маршрут “Дарогамі Дзятлаўшчыны”. Наступны аб’ект – касцёл Сэрца Езуса, пабудаваны ў 1936 годзе. Хаця храм перавезены з вёскі Нянадавічы, ён захаваў унікальныя рысы беларускага народнага дойлідства. Ёсць у пасёлку і царква Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, 1878 года пабудовы – помнік старажытнага перспектыўнага рускага стылю. Першапачаткова яна была драўлянай, заснавана ў 1755 годзе, пазней перабудавана. На ўскрайку пасёлка знаходзіцца ўнікальны помнік – калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 года Рэчы Паспалітай, адрэстаўрыраваная ў 2022 годзе. У памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны ў пасёлку ўстаноўлены мемарыяльны знак ахвярам Халакосту, які знаходзіцца на месцы, дзе былі расстраляны сотні нявінных людзей. – Наваельня прываблівае сваімі сасновымі лясамі, яна амываецца Ятранкай і Маўчадкай, мае вадасховішча. Пасёлак знаходзіцца на чыгуначнай ветцы Баранавічы – Ліда, што робіць яго даступным для падарожнікаў. Сярод перспектыўных відаў турызму, якія тут можна развіваць, – экалагічны, актыўны, гастранамічны, галоўнае – захаваць унікальны дух гэтага куточка Беларусі, які гарманічна злучае гісторыю і прыроду.

У час абмеркавання яе даклада было падкрэслена, што на бліжэйшую перспектыву для Наваельні неабходна распрацаваць і ўстанавіць навігацыйныя шыльды і ўказальнікі напрамкаў руху, якія дапамогуць турыстам хутка і зручна знаходзіць мясцовыя аб’екты паказу.

На павышэнні якасці экскурсійнай дзейнасці спынілася дырэктар раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Дзінара Харошка:

– У раёне экскурсійная дзейнасць ажыццяўляецца атэставаным экскурсаводам, спецыялістам па турызме нашага цэнтра Аленай Абрамчык. З адкрыцця кірунку ў маі 2023 года было прынята 122 групы, або 2589 чалавек, сярод якіх 71,3 % – дзеці, ёсць турысты з Расійскай Федэрацыі і геаграфія наведванняў расце. Гэтаму спрыяе сістэмная работа і ўзаемадзеянне з турфірмамі краіны, у тым ліку па сродках удзелу ў міжнародных выставах “Адпачынак-2023” і “Адпачынак-2024”. Заключаны дагаворы з фірмамі “Мегадыялог” і “Віаполь”, самастойна звярталіся “МінскТурыст” і “Віраж-М”. Сёлета праведзена 66 экскурсій для 1255 чалавек, з якіх 59 – расіяне. Цяпер вядзецца работа з Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеем па атэстацыі яшчэ аднаго экскурсавода. Цэнтр прапаноўвае 13 розных па тэматыцы экскурсій. Распрацаваны сем цэласных турыстычных праграм, у якія ўключаны паслугі іншых суб’ектаў туріндустрыі. Напрыклад, у праграме “Дзятлаўшчына, якая яна ёсць” прымаюць удзел музей “Дзеці ліхалецця”, майстры-рамеснікі Анатоль Кардаш і Сяргей Балыкоў, Дварэцкі дом культуры, санаторый “Радон”. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сёлета 22 лютага адбылася прэзентацыя праграмы “Па слядах герояў”, у рамках рэалізацыі якой распрацаваны два міні-кластары – аграсядзіба “Каля дуба” і Дварэцкі дом культуры, а таксама Дзятлаўскія лясгас і дзіцячая школа мастацтваў. Прыняты 6 груп – каля 140 чалавек. Папулярызацыі праграмы спрыяла прыцягненне да яе ўвагі з боку нацыянальных тэле- і радыёканалаў. Як бачым, найбольш паспяховы вынік атрымліваецца менавіта пры ўзаемадзеянні розных суб’ектаў туріндустрыі, і ёсць яшчэ нямала рэзерваў, якія можна задзейнічаць, каб зрабіць экскурсійную работу больш насычанай і разнастайнай. У раёне зацверджана стратэгія развіцця турызму на 2024-2025 гады, якой вызначаны чатыры кірункі – Дзятлаўшчына гераічная, гасцінная, таямнічая, незвычайная. Згодна з тэматыкай ТІЦ праведзена работа па пераразмеркаванні і сістэматызацыі экскурсій па гэтых кірунках.

Сярод задач на перспектыву Дзінара Харошка назвала пашырыць удзел у блоку “Дзятлаўшчына гасцінная” ўстановаў культуры і народных калектываў, часцей прыцягваць да паказаў Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, разнастайваць турпраграмы актыўнымі формамі для турыстаў – анімацыяй, квэстамі, а яшчэ суб’екты раёна павінны быць зацікаўлены ў стварэнні ўласных турыстычных прадуктаў.

Дзмітрый Ёда падкрэсліў, што асноўная роля ТІЦ – быць сувязным арганізацыйным звяном паміж суб’ектамі турызму і турыстамі, і Дзятлаўскі турінфацэнтр з ёю выдатна спраўляецца, нездарма наш раён першым прымаў выязны рэспубліканскі семінар па турызме.

З прамежкавымі вынікамі развіцця паляўнічага турызму на Дзятлаўшчыне ў 2024 годзе прысутных азнаёміў дырэктар Дзятлаўскага лясгаса Сяргей Дурко. Адзначыў, што ў раёне маецца ўсё неабходнае для гэтага кірунку дзейнасці: ад умоваў пражывання і харчавання паляўнічых да наяўнасці дзічыны. На Дзятлаўшчыне для палявання дазволены 29 асобінаў лосяў, 90 аленяў, 120 казуляў, 29 ланяў еўрапейскіх. З адкрыцця сезона ў паляванні паўдзельнічалі 10 чалавек, ад замежных турыстаў зароблена 16,3 тысячы рублёў. Да канца года плануецца арганізацыя яшчэ двух паляўнічых тураў і каля 50 тысяч заробку.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі і іншыя тэмы, у тым ліку выкананне пунктаў пратакола даручэнняў каардынацыйнага савета, сярод якіх завяршэнне работы па добраўпарадкаванні зоны адпачынку на беразе Новаяльнянскага вадасховішча, а таксама выраб сувенірнай прадукцыі для турыстаў установамі адукацыі раёна. З рукатворнымі навінкамі, якія павінны прыйсціся даспадобы гасцям, прысутных пазнаёміла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Гарановіч.

У час абмеркавання праведзенай работы быў адзначаны высокі ўзровень забеспячэння экскурсійнай дзейнасці экскурсаводам Аленай Абрамчык і якаснае ўзаемадзеянне з зацікаўленымі суб’ектамі соцыуму турыстычнага інфармацыйнага цэнтра. За актыўны ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Вандруй. Адчуй. Натхняйся” і папулярызацыю турыстычнага патэнцыялу раёна словы падзякі прагучалі прадстаўнікам санаторыяў “Радон” і “Альфа Радон”, дзіцячай школы мастацтваў, лясгаса, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, сферы адукацыі, касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і іншым.

Прыемным момантам пасяджэння стала ўзнагароджанне суб’ектаў турыстычнай індустрыі з нагоды Сусветнага дня турызму, які адзначаецца 27 верасня.

У час практычнай часткі мерапрыемства адбылася прэзентацыя маршрута турысцкага падарожжа “Дарогамі Дзятлаўшчыны” з наведваннем народнага музея Новаяльнянскай сярэдняй школы “Дзеці ліхалецця”, дзе цікавую экскурсію для прысутных правяла кіраўнік музея Тамара Крывеня, затым у сваю творчую майстэрню іх запрасіў мясцовы ганчар Анатоль Кардаш, гісторыю стварэння і рэканструкцыі памятнай калоны на ўскрайку пасёлка расказала экскурсавод Алена Абрамчык.

Напрыканцы ўдзельнікамі было адзначана, што пасяджэнне прайшло на канструкцыйным дыялогу, з новымі ідэямі і прапановамі, якія былі закладзены ў пратакол даручэнняў.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga