Яшчэ нядаўна будучыя педагогі рыхтаваліся да дзяржаўных іспытаў і шліфавалі свае дыпломныя работы, а цяпер да іх звяртаюцца не інакш як “паважаныя калегі”.
Менавіта з гэтых слоў і пачаўся педагагічны дыялог “Учора – студэнт, сёння – настаўнік!”, які адбыўся ў гімназіі № 1 горада Дзятлава.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел 17 маладых педагогаў.
Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская пазнаёміла калег з традыцыямі і дасягненнямі сістэмы адукацыі рэгіёна. Яна адзначыла, што праца ва ўстановах адукацыі прэтэндуе на высокі статус, прадугледжвае пэўныя патрабаванні і выклікі і да маладых спецыялістаў. Марына Яўгеньеўна выказала ўпэўненасць, што моладзь з імі справіцца.
– Педагог – гэта няпростая прафесія, і мне хацелася б, каб яна вас радавала. Бо калі праца твая прыносіць радасць, лягчэй жыць на гэтай зямлі, – пажадала яна.
Намеснік начальніка аддзела адукацыі Таццяна Умоўская спынілася на гарантыях і льготах для маладых спецыялістаў, расказала аб парадку праходжання атэстацыі педагогаў.
На падтрымку маладых спецыялістаў і стварэнне спрыяльнай атмасферы для іх прафесійнага росту звярнула ўвагу загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Кулеш, падкрэсліла, што з мэтай аказання дапамогі маладым спецыялістам у прафесійным станаўленні ў раёне створаны шэраг умоў для развіцця: функцыянуюць школы маладых настаўнікаў-прадметнікаў, маладых выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, праводзяцца навучальныя семінары.
На старце выхавальнікаў дашкольнай адукацыі спынілася метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Кацярына Гайдук. Яна адзначыла тое, што, уступаючы ў самастойнае прафесійнае жыццё, выбудоўваючы кар’еру, важна спадзявацца на старэйшых аўтарытэтных таварышаў, не баяцца пераймаць у іх вопыт, задаваць пытанні, праяўляць ініцыятыву.
Таямніцу, як на працягу двух гадоў пісаліся першыя главы яе прафесійнай кнігі, прыадкрылала маладым калегам настаўніца пачатковых класаў Казлоўшчынскай сярэдняй школы са стажам працы два гады Аляксандра Альшэўская.
Завяршальным акордам педагагічнага дыялога стаў урок для дарослых “Сучасны ўрок”, які правяла для маладых педагогаў настаўнік-метадыст, член Рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”, настаўніца геаграфіі гімназіі № 1 горада Дзятлава Наталля Клімец.
Таццяна РАЖКО,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 г. Дзятлава
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga