Сённяшняя бібліятэка – гэта інтэлектуальны дом, у якім наш бег жыцця знаходзіць сваё адлюстраванне.
Сучасны бібліятэкар –не толькі знаўца літаратуры. Ён разбіраецца ў інфармацыйных тэхналогіях, праводзіць мерапрыемствы, наладжвае прэзентацыі кніжных выставаў, займаецца асветніцкай і грамадскай дзейнасцю.
Абслугоўваннем насельніцтва Дзятлаўскага раёна займаюцца 10 бібліятэк: адна раённая, дзве гарпасялковыя, сем сельскіх, з іх чатыры бібліятэкі-клубы. Яны маюць выхад у інтэрнэт і сваю электронную пошту, працуе Web-сайт, ствараюць электронныя базы даных краязнаўчай тэматыкі і прадстаўляюць іх карыстальнікам.
У гэтым годзе 75-гадовы юбілей адзначаюць Дварэцкая сельская бібліятэка сямейнага чытання і Данілавіцкая сельская бібліятэка-цэнтр развіцця і падтрымкі чытання.
З гісторыі вядома, што першая бібліятэка ў мястэчку Дварэц пачала дзейнічаць адразу пасля вайны. Была адкрыта хата-чытальня, якая знаходзілася на цяперашняй вуліцы Маўчадскай, а афіцыйны год адкрыцця бібліятэкі – 1949. Яна спачатку размяшчалася разам з клубам у старым памяшканні, пасля было пабудавана калгасам спецыяльнае прыстасаванае памяшканне. У 1969 годзе бібліятэка і клуб справілі сваё наваселле. У зону абслугоўвання ўваходзілі чатыры вёскі: Дварэц, Коцькі, Малая Палонка, Вялікая Палонка. З 1949 па 1952 год у бібліятэцы працаваў Уладзімір Пугач. Яго змяніла ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны, жонка старшыні калгаса імя К.Заслонава Любоў Якавіцкая.
Асноўнымі напрамкамі ў рабоце бібліятэкі 60-х гадоў з’яўлялася прапаганда атэізму, афармляліся куткі жывёлаводаў,яна актыўна ўключылася ў грамадскі агляд, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння У.І.Леніна, было распрацавана шмат мерапрыемстваў.
З 1954 па 1994 год у бібліятэцы працавала Яўгенія Курыла – заслужаны ветэран бібліятэчнай справы, якая ўсё сваё свядомае жыццё прысвяціла служэнню кнізе. Працоўныя поспехі Яўгеніі Уладзіміраўны адзначаны медалямі “За працоўную доблесць”, знакам “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”, а таксама шматлікімі Ганаровымі граматамі і дыпломамі.
З 2006 года і па цяперашні час тут працуе Алена Казлова. У аднойчы абранай прафесіі яна не расчаравалася, а палюбіла яшчэ мацней. Змяніўся час, але бібліятэка і сёння праводзіць разнастайную масавую работу, выхоўвае ў чытачоў пачуццё павагі да роднай мовы, літаратуры, беларускіх святаў, абрадаў, звычаяў.
Гісторыя Данілавіцкай сельскай бібліятэкі пачынаецца з далёкага 1949 года. Рашэннем мясцовай улады ў вёсцы Данілавічы была адкрыта хата-чытальня. Асобнага памяшкання для чытальні не было, таму яна размяшчалася ў хаце жыхаркі вёскі Надзеі Кавальчук. Першымі бібліятэкарамі былі мужчыны: Расціслаў Літавар, у далейшым старшыня калгаса “Гвардыя”, Багуслаў Жых– настаўнік матэматыкі мясцовай школы.
У 1953 годзе бібліятэку перавялі ў будынак сельскага клуба, а загадчыкам яе стаў настаўнік музыкі і спеваў Мікалай Брындо. Творчая асоба, граў на скрыпцы, гітары і заахвочваў сваіх чытачоў, вучыў усіх жадаючых.
У 1996 годзебібліятэка была пераведзена ў вёску Круцілавічы ў будынак сельвыканкама. Плошча яе невялікая, усяго адзін пакой.
З 2012 года ў бібліятэцы працуе Жанна Кур’ян. З дапамогай кнігі бібліятэкар выхоўвае ў сваіх чытачоў станоўчыя адносіны да Айчыны, вучыць падрастаючае пакаленне здароваму ладу жыцця, адказнасці за свае ўчынкі, дзеянні, а таксама міласэрнасці, дабрыні, шчырасці, любові і беражлівым адносінам да роднай зямлі.
Бібліятэка ў жыцці вяскоўца найчасцей выступае як месца адпачынку, кабінет псіхатэрапеўта і рэлаксацыі, а бібліятэкар – як выхавальнік, дарадца і памочнік ва ўсім.Сёння без кнігінемагчыманівыхаванне, ніадукацыя, ні культура нашагаграмадства. Спадзяёмся, штокнігатрадыцыйная і электроннаябудуцьісціпоплеч.
Дарагія калегі! Паважаныя бібліятэкары, прыміце самыя шчырыя віншаванні са святам – Днём бібліятэк! Жадаю, каб вы мелі магчымасць і натхненне для ажыццяўлення ўсіх новых ідэй і праектаў. Словы вялікай удзячнасці ветэранам бібліятэчнай справы. Моцнага ўсім здароўя, асабістага шчасця, дабрабыту.
Марына БОРТКА,
бібліятэкар аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці, метадычнай работы, фарміравання бібліятэчнага фонду
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga