Але жыццё працягваецца…

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці працягвае сваё віншавальнае падарожжа па Дзятлаўшчыне.

На гэты раз героем іх праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” стала Пелагея Клок з вёскі Маркавічы. Святлана Венская, Ірына Бакшук і Іван Кашко павіншавалі яе з 80-годдзем і падарылі кветкі і прыгожыя, душэўныя песні.

А якім жа склаўся лёс гэтай сціплай жанчыны? Пелагея Клок нарадзілася ў простай сялянскай сям’і. Жыццё і так не песціла звычайных вясковых людзей: штодзённая цяжкая праца, клопаты па гаспадарцы. І раптам – вайна. Зноў новыя выпрабаванні, думкі кожную хвіліну аб тым, як застацца жывым. Бацька Пелагеі Барысаўны быў партызанам, калі паліцаі даведаліся пра гэта, укінулі ў яго хату гранату.

– Але Бог бярог, і ўсе выжылі, – расказвае жанчына. – Праз некаторы час паліцаі бацьку ўсё ж знайшлі і застрэлілі. Мне было толькі пяць месяцаў, зразумела, што я яго не памятаю. Даведалася пра гэта ад мамінай сястры. Жылося нам вельмі цяжка, бо хата была моцна пашкоджаная з-за выбуху. Вокны абабівалі радзюжкамі і цэлафанам, каб было цяплей. На вуліцы распальвалі вогнішча і пяклі бульбу, нават замерзлую, каб было хоць што паесці. Так і гадаваліся.

Не ўсе дзеці ў пасляваенны час мелі магчымасць вучыцца і набыць тую прафесію, якая была даспадобы. Так і Пелагея Клок скончыла толькі чатыры класы. Рана прыйшлося ісці працаваць, а пачынала яна свае рабочыя будні ў калгасе.

– Было нялёгка: загружалі торф на вазы, а потым яго растрасалі па палях, ірвалі лён, – успамінае Пелагея Барысаўна. – Але мы не скардзіліся на лёс, разумелі, што без працы жыць немагчыма. Пасля работы знаходзілі час і на адпачынак, вельмі любілі спяваць, танцаваць. Калі з’явілася магчымасць паехаць на заробкі на Украіну, я не адмовілася, бо неабходна было дапамагаць родным. Працавалі там не пакладаючы рук: палолі буракі, ірвалі лён, даглядалі жывёлу. Заробак па тым часе ў нас быў нядрэнны: акрамя грошай, давалі яшчэ па 70 кілаграмаў пшаніцы, мяшок цукру, мяшок семачак.

Калі дзяўчына вярнулася дадому, стала задумвацца пра ўласнае жыццё. На танцах яна пазнаёмілася з добрым хлопцам, хуткім часам згулялі вяселле. Спачатку маладая сям’я жыла разам са свякроўю ў вёсцы Маркавічы. Як і ўсе, трымалі гаспадарку – карову, свіней, курэй, наладжвалі быт. Вельмі радаваліся, калі пабудавалі сваю хату, пачалі ўжо там абжывацца, ды не толькі матэрыяльнымі рэчамі. Сям’я Клок пабагацела аж на чатырох дачок і сына.

Дарослыя дзеці ўжо раз’ехаліся з утульнага бацькоўскага дома – дзве дачкі жывуць у Гродне, дзве – у Дзятлаве, а сын ажно ў Маскве. Але матулю часта наведваюць, дапамагаюць ёй, чым могуць, бо засталася яна адна.

– Мужа майго, на жаль, ужо няма, – з непрыхаваным смуткам гаворыць Пелагея Барысаўна. – Успамінаю яго пастаянна, Анатоль Андрэевіч быў вельмі харошы чалавек, працалюбівы. Ён 30 гадоў рабіў трактарыстам у калгасе, меў шмат узнагародаў і памятных сувеніраў. Але жыццё працягваецца, кожны дзень знаходжу сабе заняткі па душы, каб не сумаваць. Мне падабаецца вырошчваць кветкі, летам іх у мяне багата на падворку, вельмі люблю вышываць, а таксама глядзець перадачу “Ад усяго сэрца”.

А напрыканцы сустрэчы Пелагея Клок ад усяго свайго вялікага сэрца пажадала гасцям і землякам здароўя, міру і дабрабыту, жыць усім у ладзе ды згодзе і радавацца кожнаму пражытаму дню.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: