Пад такім лозунгам сёлета праходзіць грамадска-палітычны марафон “17 граняў адзінства” рэспубліканскага грамадскага аб’яднання і партыі “Белая Русь”, які стартаваў 9-га і завершыцца 16 верасня.
Па-ранейшаму дыялогавыя пляцоўкі ладзяцца ў 17 розных гарадах Беларусі, аднак для павышэння цікавасці да праекта іх фармат зменены. Ён уключае чатыры тэматычныя блокі: “Грамадзянская супольнасць”, “Сучаснасць”, “Гісторыя”, “Нацыянальны лідар аб адзінстве”.
13 верасня ў Дзень горада ў Скідзелі марафон сабраў дэлегацыі з Бераставіцкага, Ваўкавыскага, Дзятлаўскага, Зэльвенскага, Свіслацкага раёнаў, Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў горада Гродна.
Дзятлаўшчыну на форуме прадстаўлялі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, намеснік старшыні раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Вольга Рагачова, дырэктар сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Марына Нячай, кіраўнік Дзятлаўскага раённага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый Святлана Панасюк, рэдактар аддзела рэдакцыі газеты “Перамога” Ірына Стырнік.
Мадэратарам дыялогавай пляцоўкі выступіла намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” Святлана Вараніца, сваімі меркаваннямі з удзельнікамі форуму падзяліліся спікеры – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Антон Кулісевіч, намеснік старшыні Гродзенскага райвыканкама Валерый Балашоў, кіраўнік Гродзенскага раённага каардынацыйнага савета палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў Лілія Кашанкова, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі горада Скідзеля Васіль Казак і іншыя.
У тым, што беларусы лічаць сябе адзіным народам, нягледзячы на пражыванне на тэрыторыі нашай краіны розных дыяспар, выказаў упэўненасць Валерый Балашоў, зала таксама падтрымала думку, што шматканфесіянальны мір – аснова стабільнасці і бяспекі. Беларусь можа ганарыцца сваімі гасціннасцю, добразычлівасцю, захаваннем народных традыцый. Антон Кулісевіч падкрэсліў, што менавіта адзінства дапамагло савецкаму народу перамагчы ў Вялікай Айчыннай вайне. Лілія Кашанкова выказала заклапочанасць наконт “інфармацыйнай атакі”, якой на сёння падвержана Беларусь, яна заклікала актыўней праводзіць работу з моладдзю, за якой будучыня нашай рэспублікі, а рабіць гэта можна праз канкрэтныя калектыўныя грамадскія справы.
– Суверэнітэт і незалежнасць – гэта тыя каштоўнасці, да якіх беларусы ішлі многія стагоддзі, і толькі нашаму пакаленню пашчасціла мець незалежную дзяржаву, якая фарміруе сваю самастойную ўнутраную і знешнюю палітыку, яшчэ і выступае міратворцам для захавання міру і парадку на планеце, думае аб моладзі, паколькі пастаянна ідзе змена пакаленняў. З важнай задачай – кансалідаваць грамадства, без чаго не будзе незалежнасці, наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка паспяхова спраўляецца. Аднак і самі беларусы павінны цаніць, берагчы і абараняць нацыянальныя каштоўнасці і культуру, быць адзінымі, – зазначыла Святлана Вараніца, разважаючы аб ролі палітычнага лідара.
Сваім меркаваннем наконт выхавання моладзі з удзельнікамі форуму падзялілася наша зямлячка Марына Нячай:
– Прайшоўшы розныя прыступкі педагагічнай дзейнасці, магу шчыра запэўніць, што наша моладзь можа і сама знайсці правільны вектар развіцця, але пры дарослай падтрымцы і далучэнні да карысных мерапрыемстваў. Я з’яўляюся дэпутатам, членам партыі і грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Мы з навучэнцамі і дрэўцы садзілі, і закладвалі сямейныя алеі. Усё гэта было шчыра, не “для галачкі”, дзеці з бацькамі з задавальненнем ішлі гэта рабіць, бо ім падабаецца, для іх гэта значна і пачэсна. Я сама ўдзельнічаю, а яны ідуць услед за мной.
Калі закранаць папярэднія тэмы, што беларусы – адна сям’я, моцная сваёй еднасцю, то гэта яскрава пацвердзіў 2020 год, калі наша адзінства беспаспяхова пастараліся разарваць. Аднак мы прадоўжылі ісці сваім шляхам, не “клюнулі” на “фішкі” і падманы з тэлеграм-каналаў. Беларусы мірныя, талерантныя, мудрыя. Упэўнена, што ў згодзе, міры, стабільнасці, еднасці і моцы духу мы зможам дасягнуць яшчэ многага і застацца незалежнымі.
Маладым удзельнікам дыялогавай пляцоўкі і ўсяму падрастаючаму пакаленню Марына Нячай пажадала любіць, цаніць захоўваць гістарычную памяць беларускага народа, пераймаць вопыт старэйшых калег, бабуляў і дзядуляў, якія ўнеслі свой значны ўклад у развіццё беларускай незалежнасці, самім быць неабыякавымі да ўсяго, што адбываецца, заставацца сапраўднымі патрыётамі Рэспублікі Беларусь.
Удзельнікі грамадска-палітычнага марафону ў Скідзелі сышліся на думцы, што кожны чалавек асаблівы ў сваіх меркаваннях, поглядах, прыхільнасцях, а задача дзяржавы – зрабіць Беларусь утульнай і любімай для ўсіх, каб кожны з нас з гонарам мог сказаць: “Гэта мая Радзіма!”.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga