Цёплымі вадаспадамі льюцца залатыя зернейкі з бункераў камбайнаў у прычэпы машын, шумяць-грымяць маторы, на поўныя грудзі дыхае спелае жніўнае поле, у паветры лунае водар збожжа і саломы, упэўненымі рухамі вадзіцелі зачахляюць тэнты, вязуць хлеб у засекі гаспадаркі, каб потым папоўніць і агульны “хлебны каравай краіны”.
Хуткімі тэмпамі да “фінішнай прамой” набліжаецца ўборачная ў сельскагаспадарчым філіяле “АграМілк” РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт”. Амаль у кожнага, хто ў гэтыя дні шчыруе на палетках гаспадаркі, ужо атрыманы дасягненні па намалотах і адвозцы, значыць, прыспеў час атрымаць заслужаныя ўзнагароды і віншаванні. Ганарацца тут пяццю камбайнавымі экіпажамі-тысячнікамі, з іх камбайнер Руслан Міклаш і яго памочнік Віктар Ёда набліжаюцца да намалоту ў дзве тысячы, а таксама пяццю тысячнікамі-вадзіцелямі, сярод якіх Арцём Бандарэнка перасягнуў вынік дзве тысячы тон адвезенага збожжа.
Павіншаваць лідараў уборачнай і тых, хто сочыць за бяспекай на жніве, 2 жніўня ў філіял па добрай традыцыі прыехалі дырэктар РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” Вадзім Худык і начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС палкоўнік унутранай службы Дзмітрый Лакіза. На жніўным полі дзеля ўрачыстай місіі яны сустрэліся са старшынёй Дзятлаўскага райвыканкама Андрэем Садоўскім, яго намеснікам Вадзімам Бяляткам – старшынёй раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, які прывёз лепшым работнікам падарункі ад аб’яднання, начальнікам РАНС Сяргеем Казушчыкам, начальнікам СГФ “АграМілк” Аляксандрам Грынкевічам, спецыялістамі і работнікамі філіяла.
– Жніво – гэта адказны працэс, – падкрэсліў Вадзім Худык. – Поспех у ім вызначае зладжаная работа калектыву, пачынаючы ад падрыхтоўкі тэхнікі. Працаваць даводзіцца з ранку да вечара, забяспечваць якасць жніва, захаванасць збожжа, яго дастаўку ў збожжасховішчы. Вы спраўляецеся з задачамі, пры гэтым займаеце лідзіруючыя пазіцыі ў раёне як па ўборцы, так і па ўраджайнасці. Жадаю і надалей не збаўляць тэмпы.
– На жніве важныя ўсе тэхналагічныя працэсы, аднак найбольш важнае – людзі і іх бяспека, у якую падтрымліваюць падраздзяленні ратаўнікоў, якія дзяжураць больш чым у 30 месцах Гродзеншчыны, – прадоўжыў тэму Дзмітрый Лакіза. – Ідзе вялікая прафілактычная работа па папярэджанні пажараў, больш за 20 супрацоўнікаў органаў і падраздзяленняў Гродзеншчыны працуюць у палях, паказваючы добрыя вынікі. Мая ганаровая задача – уручыць памятныя сувеніры і падзякі начальніка ўпраўлення нашым супрацоўнікам, якія ў гэтым філіяле ўносяць свой уклад у “каравай Радзімы”.
– Уборка хлеба – “вянец” працы хлебароба, завяршальная і самая пачэсная аперацыя, – адзначыў Андрэй Садоўскі. – Удвая прыемна, што Дзятлаўшчына выйшла на “экватар” жніва. Безумоўна, філіял “АграМілк” апераджае іншых па тэмпах і ўраджайнасці, тут яна самая высокая ў раёне. Сур’ёзныя карэктывы сёлета ўнесла надвор’е, тым не менш да наступных чацвярга-пятніцы, спадзяюся, ваша гаспадарка фінішуе. Дзякую і Дзміртыю Уладзіміравічу Лакізу за тое, што ўсе разам, плячо да пляча, і не толькі тут, але і па ўсім раёне ратаўнікамі забяспечваецца прыкрыццё тэхнікі, чым робіцца іх важкі і бездакорны ўклад. Жадаю ўсім яснага надвор’я на жніве і ў сем’ях, новых поспехаў і запрашаю 24 жніўня ў Дзятлава на раённае свята “Дажынкі-2024”.
За якасную падрыхтоўку тэхнікі і актыўныя тэмпы работ механізатарам падзякаваў Аляксандр Грынкевіч, падкрэсліў, што сёлета ў калектыва філіяла ёсць магчымасць “падняць планку”, выйсці на ўраджайнасць да 45 цэнтнераў з гектара і намалот, як мінімум у дзесяць тысяч тон. Аляксандр Мар’янавіч перадаў сімвалічны сноп новага ўраджаю Вадзіму Худыку.
У час уручэння падарункаў і ўзнагарод шчырыя словы ўдзячнасці за пачэсную і нялёгкую працу хлебароба ад РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” прагучалі для камбайнера Руслана Міклаша і яго памочніка Віктара Ёды (экіпаж “Лексіён-580”); камбайнера Міхаіла Кармільчыка і яго памочніка Дзмітрыя Караля (КЗС-1218А-1-02); камбайнера Аляксандра Родзькі і памочніка Ігара Варэйкі (КЗС-2124КР); камбайнера Руслана Палуносіка і памочніка Мікалая Харошкі (КЗС-1218А-1-02). Былі ўшанаваны і вадзіцелі-тысячнікі філіяла Арцём Бандарэнка (МАЗ-6501С9), Віктар Матук (МАЗ551605), Іван Марцукевіч (МАЗ555142).
Усе гэтыя камбайнавыя экіпажы і вадзіцель Арцём Бандарэнка таксама адзначаны падзячнымі лістамі старшыні райвыканкама і грашовымі прэміямі.
Загадам начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС аб’яўлены падзякі і ўручаны сувеніры старшаму інструктару-ратаўніку ПАВЧ № 1 Дзятлаўскага РАНС прапаршчыку ўнутранай службы Сяргею Ляху і старшаму інструктару-ратаўніку ПАВЧ № 3 Гродзенскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях старшаму прапаршчыку ўнутранай службы Дзмітрыю Каралю.
Даведка
У СГФ “АграМілк” плошча ўборкі збожжавых, згодна з сёлетнім планам, 2260 гектараў. Фактычна на 2 жніўня абмалочана 1430 гектараў, або 63 % ад плана. Намалот склаў 6694 тоны збожжа пры ўраджайнасці 46,8 цэнтнера з гектара, што на 1,1 ц/га больш за мінулагодні вынік.
Поўнасцю ўбраны рапс, які займаў плошчу 600 гектараў. Яго валавы збор – 2500 тон з ураджайнасцю 41,7 цэнтнера з гектара.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga