У першакласнікаў – свята!

Важнае Грамадства Падзеі

У межах рэспубліканскай акцыі “Збяром дзяцей у школу” на Дзятлаўшчыне адбылося свята першакласнікаў, якое сёлета сабрала гасцей з усёй Беларусі.

Традыцыйна мерапрыемства ладзіцца прафсаюзнай арганізацыяй ААТ “Белаграздраўніца” для дзяцей работнікаў санаторыяў сістэмы, якія ўпершыню ідуць у школу. Сёлетняя ўрачыстасць адбылася ў летнім амфітэатры санаторыя “Радон”.

Каб павіншаваць без пяці хвілін школьнікаў, на Дзятлаўшчыну прыбылі прадстаўнікі кіраўніцтва ААТ “Белаграздраўніца”, а таксама ўсіх санаторыяў арганізацыі.

– Вялікае шчасце бачыць сёння ў адной зале столькі прыгожых радасных дзетак. Зусім нядаўна вы былі бесклапотнымі гарэзамі, а з 1 верасня станеце вучнямі, многае ў вашым жыцці памяняецца, – звярнуўся да маленькіх гасцей і іх бацькоў намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Белаграздраўніца” Віктар Панамароў. – Ад імя генеральнага дырэктара прадпрыемства віншую вас з гэтым вялікім святам. Жадаю моцнага здароўя, поспехаў у новых справах і ўдачы. Дагэтуль вы наведвалі санаторыі нашай сістэмы толькі з мамамі і татамі, цяпер зможаце адпачываць у іх самастойна. Паважаныя бацькі! Жадаю, каб вашы дзеці заўжды радавалі вас сваімі поспехамі і дасягненнямі, а магчыма і прадоўжылі дынастыю ў выдатнай прафесіі медыцынскага работніка.

Да словаў віншавання далучыўся старшыня аб’яднанай прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Белаграздраўніца” Аляксей Машко. Ён пажадаў будучым першакласнікам удачнага старту ў школьнае жыццё, а іх бацькам, дзядулям і бабулям – цярпення і сіл на шляху да ведаў, які яны пройдуць разам.

Ва ўрачыстай абстаноўцы дзеці атрымалі віншаванні ад кіраўнікоў кожнага з васьмі санаторыяў ААТ “Белаграздраўніца”, а таксама падарункі ад прафсаюза арганізацыі – школьныя партфелі і “Наборы першакласніка”, а іх таты і матулі – кветкі і парасоны, каб надвор’е ў кожнай сям’і было добрае.

– Калектыву нашага санаторыя выпаў гонар прымаць у сябе такое радаснае і хвалюючае мерапрыемства, прысвечанае самаму важнаму ў жыцці кожнага з нас – нашым дзецям. Дзякуй, што прыехалі на гасцінную дзятлаўскую зямлю, – адзначыў намеснік галоўнага доктара філіяла “Санаторый “Радон” Уладзімір Мармыш.  – Будучым школьнікам жадаю быць здаровымі, моцнымі, добрымі, заўжды ісці наперад да сваіх мэтаў і мараў. Абавязкова прыслухоўвацца да парадаў сваіх бацькоў і блізкіх людзей. Няхай гэты дзень стане для вас яркім і запамінальным.

Словы наказу маленькім школьнікам адрасаваў благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель. Ён пажадаў дзецям старанна вучыцца, быць паслухмянымі, жыць з Богам у сэрцы і малітвай, падарыў ім дзіцячыя малітоўнікі.

Мерапрыемства прадоўжылася шоу-праграмай узорнай студыі роставых лялек “Яркае свята для ўсіх”, разам з героямі якой дзеці павесяліліся ад душы.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga