У кожнай травінцы, у кожнай сцяблінцы – сіла жыцця

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Памятаеце, як у Карыны Жуковіч: “Босымi нагамi па расе, па сцюдзёнай расе прабягуся. Ранiшнiя сонца прамянi толькi-толькi ўзышлi…”.

Радкі гэтыя нібыта вяртаюць нас у дзяцінства, у лагоду і бадзёрасць цёплага летняга дня, якіх нам часам так не хапае ў дарослым жыцці.

Аднак, калі чалавек насуперак жыццёвым бурам і вятрам ідзе да сваёй запаветнай мары, яна абавязкова ажыццяўляецца. Пацвярджаюць гэта і вынікі чарговай пазнавальнай экспедыцыі ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь”, якая на гэты раз прывяла творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці ў маляўнічую вёсачку Яцвезь.

Безумоўна, наша стагоддзе высокіх тэхналогій не спрыяе яднанню з прыродай, а таму і людзей, якія цікавяцца зёлкамі, лекавымі раслінамі, народнымі рамёствамі, вераць у жыватворную сілу роднай прыроды, застаецца не так і шмат. Аднак на Дзятлаўшчыне жыхары з цікавымі захапленнямі ёсць, і гэта не абавязкова людзі пажылога ўзросту.

– Мы знаходзімся ў пастаянным пошуку таленавітых, неардынарных землякоў, якія шмат цікавага гатовы расказаць пра свае захапленні, падзяліцца карыснымі парадамі, прамудрасцямі жыцця, паказаць, што і як яны робяць, дзе знаходзяць ідэі і веды для новых здзяйсненняў, – расказала спецыяліст сектара Ірына Бакшук. – На гэты раз гераіняй нашай пазнавальнай экспедыцыі стала маладая траўніца з вёскі Яцвезь Вераніка Паўлоўская. Яна гасцінна сустрэла нас на сваім утульным падворку, напаіла духмяным чаем з дамашнім варэннем, паказала свае работы, бо, акрамя збору траваў, займаецца яшчэ і рукадзеллем.

Як аказалася, Вераніка па прафесіі настаўніца гісторыі і англійскай мовы, скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя М. Танка, паспела папрацаваць па спецыяльнасці ў адной са сталічных школ. Варта адзначыць, што прафесія педагога Вераніцы Уладзіміраўне вельмі падабалася, але, калі пачалася пандэмія каранавірусу і сур’ёзна захварэў тата, якому медыкаменты не вельмі дапамагалі, дачка зразумела, што ёй трэба ратаваць роднага чалавека, глыбей асвойваць прамудрасці народнай медыцыны. Важна падкрэсліць, што пэўныя веды ў яе ўжо былі, бо сам тата, ды і дзядуля, выкарыстоўвалі лекавыя расліны, таму з юных гадоў Вераніка ведала ўласцівасці некаторых зёлак.

Вярнуўшыся дахаты, наша зямлячка падабрала прыдатны састаў траваў і пачала лячыць тату, астатнія члены сям’і таксама не грэбавалі гаючым чаем, з задавальненнем ужывалі яго для прафілактыкі. Бацька дзякуючы народным рэцэптам акрыяў даволі хутка, гэтага Вераніцы Уладзіміраўне хапіла, каб зразумець, што для ўмацавання здароўя варта вяртацца да вытокаў. Дзяўчына пачала задумвацца над тым, што неабходна больш уважліва прыслухоўвацца да свайго арганізма, падмацоўваць яго сілы пэўнымі травянымі зборамі.

Каб папоўніць на той час небагатую скарбонку ведаў, Вераніка Паўлоўская звярнулася да інтэрнэту, паступова ўдасканальвала свае ўменні па нарыхтоўцы лекавай сыравіны і складанні гаючых чаёў. Цяпер яна доўга і цікава можа расказваць, чым зялёны травяны чай адрозніваецца ад ферментаванага чорнага. Сцвярджае, што сыравіна для смачных і карыных настояў летам ёсць пад рукамі літаральна ў кожнага жыхара Дзятлаўшчыны. Напрыклад, за сезон самастойна можна нарыхтаваць дастатковую колькасць лісця чорных парэчак, чарніцаў, суніцаў, іншых ягадных культур і лекавых траваў.

Калі настаўніца пачала займацца зборам і нарыхтоўкай карысных раслін, прыйшло ўсведамленне, што гэта і ёсць справа яе жыцця. Хаця, акрамя гэтага, у Веранікі Уладзіміраўны нямала цікавых захапленняў. Яна вышывае крыжыкам, пляце кошычкі з папяровай лазы, асвоіла тэхніку піраграфіі па дрэве, аднак асаблівую асалоду, па прызнанні самой дзяўчыны, ёй прыносіць менавіта збор зёлак.

– Прырода дала чалавеку ўсё, што яму неабходна для жыцця, – упэўнена Вераніка Паўлоўская. – Трэба толькі браць, карыстацца яе дарамі дзеля карысці. Акрамя складання травяных збораў, я раблю скрутачкі раслінаў-араматызатараў для памяшканняў, майструю бранзалеты, амулеты і з задавальненнем дару іх сваім родным і блізкім. Думаю, нямногія дзятлаўчане могуць дазволіць сабе і такую асалоду, як марознай зімой каля гарачай печкі частавацца пахучым травяным чаем з мятным варэннем.

Падводзячы вынікі пазнавальнай экспедыцыі ў глыбінку, Ірына Бакшук і Святлана Венская парадаваліся, што моладзь не грэбуе народнымі рэцэптамі і рамёствамі, пераймае і захоўвае іх. Значыць, не перарвецца нітачка пераемнасці пакаленняў. Артысты сектара на развітанне пажадалі Вераніцы Паўлоўскай моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту, выказалі спадзяванне, што яе талент траўніцы будзе запатрабаваны і прынясе карысць усім, хто звернецца па дапамогу.

Ірына СТЫРНІК
Фота сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: