Школьны бум: што, дзе і як купіць?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Як сабраць дзяцей у школу і не страціць усе нервовыя клеткі?

Аб тым, каб працэс набыцця школьных тавараў стаў камфортным і даступным, паклапаціліся ўстановы гандлю як дзяржаўнай, так і прыватнай формы ўласнасці. Наколькі шырокі асартымент і лаяльныя кошты, высвятляем разам са спецыялістамі аддзела эканомікі райвыканкама ў час планавага маніторынгу.

У магазінах Дзятлава і раёна шырокі выбар канцылярскіх тавараў, у асартыменце ёсць школьная форма (магазін “Марк Фармэль”, секцыі прыватных прадпрымальнікаў, гарадскі рынак), абутак, бялізна і трыкатажныя вырабы. У параўнанні з мінулагоднім значна пашырыўся выбар школьных сумак і партфеляў для школьнікаў розных узростаў. Добры асартымент школьных тавараў таксама ў аграгарадках раёна. Кошты на ключавыя пазіцыі за год моцна не “падраслі”. Напрыклад, той жа базавы зялёны сшытак можна набыць за 20 капеек і  танней.

Каб бацькі навучэнцаў маглі набыць для дзяцей усё неабходнае, з 15 ліпеня ў сямі гандлёвых аб’ектах раёна працуюць “Куткі школьніка”, у магазінах спажывецкай кааперацыі запланаваны дні скідак, інфармацыю аб якіх можна знайсці на стэндах, ралапах і на ўваходзе. З 20 жніўня па 10 верасня пройдзе акцыя “Школьны бум”: будуць даступныя скідкі ў 10 % на школьныя тавары. Для тых, каму складана набыць усе рэчы для дзяцей адразу, у некаторых гандлёвых аб’ектах прапануюцца растэрміноўкі плацяжу да 9 месяцаў.

– Рэалізацыя школьных тавараў на тэрыторыі раёна знаходзіцца на асаблівым кантролі Дзятлаўскага райвыканкама, – адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская. – Спецыялісты аддзела эканомікі прымаюць удзел у абследаваннях і маніторынгах. Увага звяртаецца на асартыментны пералік, правілы фарміравання цэн на школьныя тавары адпаведна пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 713. Мною была праведзена нарада з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія рэалізуюць адзенне на тэрыторыі раёна, па пытанні  пашырэння асартыменту тавараў у перыяд работы школьных кірмашоў. Быў прааналізаваны ўзрост навучэнцаў на тэрыторыі Дзятлаўшчыны, каб суб’екты прадпрымальніцтва скарэкціравалі размерную сетку. Звяртаю ўвагу, што з 12 жніўня ў райвыканкаме працуе гарачая лінія, дзе можна атрымаць кансультацыю спецыялістаў аддзела эканомікі па пытаннях набыцця школьнай прадукцыі.