Працягваецца сацыяльна-культурны праект “Глыбінкай жыве Беларусь”, які праводзіць творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
У рамках акцыі “Равеснікі вызвалення” Святлана Венская, Ірына Бакшук і Іван Кашко наведаліся ў вёску Хадзяўляны, каб павіншаваць з 80-гадовым юбілеем Ванду Іванаўну Сайчык.
У гэты дзень імянінніца прымала падарункі, кветкі і самыя найлепшыя пажаданні – здароўя, бадзёрасці, сілаў – ад родных, сяброў і артыстаў.
Восем дзясяткаў гадоў таму нарадзілася ў простай сялянскай сям’і ў вёсцы Агароднікі дзяўчынка, якую назвалі асаблівым імем Ванда. Як і ў многіх у тыя пасляваенныя часы, жыццё яе было няпростым. З малодшай сястрой яны раслі без бацькі, таму, каб выжыць, сям’я трымала вялікую гаспадарку, даводзілася выконваць шмат работы, часам вельмі цяжкай для кволых дзіцячых плячэй.
Скончыўшы 7 класаў, Ванда ў 14 гадоў пайшла працаваць даяркай. Было нялёгка, напачатку, бывала, не ўсё атрымлівалася, як хацелася б, але яна заўжды старалася, усе абавязкі выконвала рупліва і своечасова. 20 гадоў адпрацавала жанчына на ферме. За сваю сумленнасць і адданасць прафесіі была ўзнагароджана медалём Вярхоўнага Савета СССР “За доблесную працу”.
У працоўнай біяграфіі жанчыны была яшчэ і работа ў гандлі. Пераехаўшы ў вёску Хадзяўляны, яна 16 гадоў працавала прадаўцом у мясцовым магазіне.
Радасць і заспакаенне Ванда Іванаўна заўжды знаходзіла дома, са сваёй сям’ёй, якая з’яўляецца для яе самым каштоўным скарбам у жыцці. Замуж яна выйшла за маладога прапаршчыка Івана, а пазнаёміліся яны на вечарыне перад вяселлем сяброўкі, дзе па традыцыі моладзь напярэдадні свята рабіла бутаньеркі – маленькія кветачкі для дружак. Сябравалі маладыя людзі нядоўга і ўжо праз паўгода згулялі вяселле.
Гонарам і ўцехай для бацькоў сталі трое дзяцей. Яны ўжо дарослыя, маюць свае сем’і. Дачка Святлана цяпер жыве ў Гродне, працуе выкладчыкам у музычным каледжы, сярэдні сын Віктар – ваенны афіцэр, служыць у абласным цэнтры, а малодшы Мікалай застаўся на малой радзіме і працуе ў Дзятлаўскім раёне электрычных сетак.
– Наша матуля вельмі сціплы чалавек, вялікая працаўніца, – дзеліцца яе дачка.– Яна прысвяціла сваё жыццё дзецям, унукам і праўнукам. Пастаянна перажывае і моліцца за кожнага з нас. Яшчэ матуля вельмі добрая і клапатлівая, ніколі не адмовіць у дапамозе тым, каму гэта неабходна.
Цяпер Ванду Іванаўну радуюць ужо чацвёра ўнукаў і двое праўнукаў, якія часта тэлефануюць і наведваюць бабулю.
– Самая добрая, самая мілая і шчодрая. Я вельмі люблю сваю прабабулю. Можа, таму мне больш падабаецца вёска, чым горад. Па маёй просьбе бацькі часта мяне прывозяць да яе ў госці, – так пра сваю прабабулю гаворыць праўнук Ян, які з бацькамі жыве ў Мінску.
І сапраўды, цяжка не пагадзіцца з такімі шчырымі словамі родных Ванды Сайчык. Здаецца, знешне яна стрыманая і сур’ёзная, але вее ад гэтай прыемнай жанчыны дабрынёй і лагодай. Няхай будзеў юбіляркі яшчэ шмат здароўя і сілаў, каб радаваць сваіх блізкіх і самой радавацца іх поспехам і дасягненням.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga