“Растуць” кватэры і дамы, камфортней будуць гарады

Важнае Улада

Будаўнікі – людзі самай мірнай і стваральнай прафесіі, якія ўвасабляюць у жыццё смелыя архітэктурныя планы і рашэнні, робяць нашы гарады прыгожымі, адметнымі, непаўторнымі, камфортнымі, узводзяць і рамантуюць дамы, сацыяльныя, культурныя, інфраструктурныя, вытворчыя, сельскагаспадарчыя аб’екты.

Якім для будаўнічай галіны Дзятлаўшчыны быў 2023 год і на якіх аб’ектах работа кіпіць сёлета, расказаў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік.

– Летась у ліку буйных будаўнічых аб’ектаў Дзятлаўшчыны былі мост праз раку Нёман, які спалучае наш раён з суседнім Лідскім, і малочнатаварныя комплексы. Сярод іх уведзены ў эксплуатацыю да канца 2023 года “Еленка” ААТ “Граніт-Агра”, запушчаны ў першым паўгоддзі 2024 года “Засецце” СГФ “АграМілк”. Гэтай восенню мяркуецца ўвесці ў эксплуатацыю яшчэ і малочнатаварны комплекс “Раготна” ААТ “Молочный Мир”.

У сёлетніх планах скончыць работы па рамонце даху Новаяльнянскай сярэдняй школы, рэканструкцыю будынка былога інтэрната пад арэнднае жыллё ў гарпасёлку Казлоўшчына, здаць у эксплуатацыю новы 30-кватэрны дом у райцэнтры па вуліцы Прытыцкага, адрамантаваць лазню фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Дзятлаве. Гэты аб’ект з’яўляецца пераходным: тэрмін першага пускавога праекта – рамонту лазні – складзе сем месяцаў, цяпер праводзім тэндар па выбары арганізацыі-падрадчыка, якая будзе выконваць будаўнічыя работы. Другі пускавы комплекс – капрамонт басейна, ён будзе зроблены ўслед за лазняй, да работ над ім мяркуецца прыступіць у наступным годзе пры выдзяленні фінансавання.

Цяпер рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на рэканструкцыю Новаяльнянскай бальніцы. Плануецца, што будзе ўзведзены новы яе корпус, а другім этапам адбудзецца рэканструкцыя будынка паліклінікі. За кошт сродкаў раённага бюджэту сіламі РУП ЖКГ і ААТ “Будкомплекс” здадзены яшчэ адзін значны для гарпасёлка аб’ект – Новаяльнянская плошча. Думаю, людзі ацанілі яе як у плане камфорту, так і бяспекі. Тут з’явіліся месцы для стаянкі транспарту, гаспадарчая пляцоўка і пляцоўка для гандлю, добраўпарадкавана пешаходная зона.

Сродкі раённага бюджэту выдаткаваны таксама на рамонт даху Новаяльнянскай сярэдняй школы.

Значны аб’ём работ па асфальтаванні дарог Дзятлаўшчыны выконваецца ДРБУ-119 як за кошт раённага бюджэту, так і за сродкі дзяржаўных праграм.

– Раскажыце падрабязней пра будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома ў Дзятлаве?

– Ён узводзіцца па вуліцы Прытыцкага, разлічаны на 30 кватэр, мяркуецца, што будзе здадзены да канца гэтага года. Сумесна з кіраўніцтвам аблвыканкама было прынята рашэнне, што 13 кватэр у ім будуць камунальнага жыллёвага фонду, астатнія 17 стануць арэнднымі – рэспубліканскага жыллёвага фонду. Гэта панэльны дом. Будаўнічыя работы на аб’екце выконвае ААТ “Гроднажылбуд”.

– На якіх яшчэ пляцоўках раёна будуць ажыццяўляцца рамонтныя і будаўнічыя работы?

– Распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на станцыю абезжалезвання вады ў вёсцы Сачыўляны за кошт сродкаў абласнога бюджэту. Згодна з планамі прадоўжым капітальна рамантаваць жылы фонд. Па рашэнні райвыканкама гэтым займаецца ўпраўленне спецыяльных работ горада Дзятлава ААТ “Будкомплекс”. Цяпер капрамонты ідуць у шматкватэрных дамах у Наваельні па вуліцах: Снітко, 8; Дзятлаўскай 11А; Чырвонаармейскай, 30. Сіламі Будкомплекса завяршаюцца работы па пракладцы тратуараў на вуліцы Навагрудскай райцэнтра. Сёлета плануецца прыступіць да капрамонту шматкватэрных дамоў у Дзятлаве па Чапаева, 19, Клары Цэткін, 7, Першамайскай, 7. Пачаты рамонт участка аўтадарогі райцэнтра М11-Е85 граніца Літоўскай Рэспублікі (Беняконі) Ліда – Слонім – Быцень км 99,6 – км 100,435 з мастом праз раку Дзятлаўка (ад кальца да аўтавакзала). Заказчык работ – РУП “Гроднааўтадар”, а выконвае іх падрадная арганізацыя ДБТ № 6.

– Якія будаўнічыя арганізацыі найчасцей бываюць падрадчыкамі на аб’ектах Дзятлаўшчыны?

– Гэта ТАА “Янистрой” (летась капітальна рамантавалі харчблок дзіцячага сада № 1 горада Дзятлава і шматкватэрны жылы дом у гарпасёлку Казлоўшчына), ТАА “Зодчий” (цяпер рэканструюе інтэрнат у Казлоўшчыне ў арэнднае жыллё), Шчучынскае МПМК № 167 (узводзілі комплекс “Еленка”), Лідскае МПМК № 169 (летась комплекс “Засецце”, цяпер – “Раготна”).

– Чаго пажадаеце будаўнікам да прафесійнага свята?

– Камфорт нашага паўсядзённага жыцця залежыць ад стану будынкаў, дамоў і дарог. Будаўнікі робяць усё, каб людзі мелі магчымасць карыстацца выгодамі цывілізацыі. Жадаю ўсім работнікам сферы перспектыўных планаў, каб яны не зніжалі планку, імкнуліся да большых вышыняў, былі паспяховыя. Здароўя ўсім, шчасця, дабрабыту ў сем’ях, міру і дабра.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga