Прэзідэнт адказаў на пытанне настаўніцы Святланы Урбан

Галоўнае Грамадства

На апошнім тыдні жніўня ў Мінску прайшоў Рэспубліканскі педагагічны савет,на якім прысутнічаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка ўважліва выслухаў меркаванні педагогаў і адказаў на іх пытанні.

У ліку 2,5 тысяч удзельнікаў гэтага вялікага мерапрыемства была і наша зямлячка, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 імя І. Ю. Філідовіча Святлана Урбан. Ёй выдалася магчымасць задаць пытанне кіраўніку краіны. Святлана Уладзіміраўна падзялілася сваімі ўражаннямі ад Рэспубліканскага педсавета і расказала, ці атрымала ад Прэзідэнта адказ на сваё пытанне.

– Для мяне вялікі гонар пабываць на такім значным рэспубліканскім мерапрыемстве, – расказвае настаўніца.– Гэта была ўнікальная магчымасць так блізка ўбачыць Прэзідэнта, адчуць яго энергетыку. Таксама я пазнаёмілася з міністрам адукацыі і яго намеснікам.

Чырвонай ніткай ва ўсім выступленні Прэзідэнта праходзіла тое, што ён любіць і падтрымлівае настаўнікаў, лічыць іх адной з лепшых частак грамадства з-за іх адукаванасці, выхавання, цвёрдасці духу, разумення высокага грамадскага прызначэння. Ён даносіў, што на педагогах ляжыць вялізная нагрузка, бо мы праваднікі адукацыі ў масы.

Я атрымала каласальны зарад энергіі ад Прэзідэнта і зразумела, што яго па-праву называюць “бацька”, бо ён як сапраўдны бацька, які вядзе цябе за руку і гаворыць: “Вы за маімі плячыма, я ваша падтрымка, вы можаце на мяне спадзявацца”. Я ведаю, як любіць Прэзідэнт настаўнікаў, як ён іх паважае, і гэта ўсё было відаць.

– Якое пытанне вы задавалі Аляксандру Лукашэнку і які атрымалі адказ?

–  Сёння наша школа, як і ўсе школы краіны, у старэйшых класах арыентаваная на профільнае навучанне, калі паглыблена вывучаюцца тыя прадметы, якія пасля будуць неабходныя ва ўніверсітэце. Нагрузка на дзецях немалая, і я ўсё часцей чую ад іх: “Навошта нам такая колькасць прадметаў?”. Я пацікавілася, можа, варта навучэнцам 10-11 класаў даць магчымасць выбіраць для вывучэння толькі тыя прадметы, якія неабходны ім для паступлення?

Па словах Прэзідэнта, і я з ім згодная, вучні павінны атрымліваць менавіта шырокую адукацыю, каб маглі быць канкурэнтаздольнымі, яны павінны быць шматграннымі, развітымі асобамі, з шырокім кругаглядам і ўменнем аналізаваць тое, што адбываецца навокал, кампетэнтнымі ва ўсіх галінах, не абмежаваныя адным нейкім прадметам або профілем. Вось гэта было важна.

– На што яшчэ звяртаў увагу Прэзідэнт у час сустрэчы з настаўнікамі?

– Яшчэ адно важнае пытанне, якое ўздымаў кіраўнік дзяржавы,– патрыятычнае выхаванне. Я падтрымліваю яго ў тым, што неабходна быць сапраўдным патрыётам, мець актыўную грамадзянскую пазіцыю, і толькі тады такі чалавек можа выхаваць у сваіх вучнях любоў да Радзімы, павагу да старэйшага пакалення, адданасць традыцыям. Таму педагог павінен быць сапраўдным патрыётам.

– Ці хваляваліся, выступаючы перад такой вялікай аўдыторыяй?

– Хваляванне, безумоўна было, але была і вялікая падтрымка ад родных і калег. Я вельмі ўдзячная начальніку аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Марыне Яўгеньеўне Лашкоўскай за тое, што яна паверыла ў мяне і дала магчымасць быць у ліку лепшых педагогаў раёна і краіны. Вялікую маральную падтрымку і дапамогу мне аказалі адміністрацыя маёй школы і асабіста дырэктар Іван Збышкавіч Кібінь, за што таксама ім вялікі дзякуй.

Гэты ўдзел у рэспубліканскай канферэнцыі і сустрэча з Прэзідэнтам застануцца ў маёй памяці назаўжды. І цяпер я яшчэ раз пераканалася, што я правільна выбрала прафесію, магу горда і ўпэўнена сказаць: “Я на сваім месцы”. Усім педагогам жадаю з гонарам несці званне настаўніка і вучыць дзяцей чалавечнасці і дабрыні. На нас ляжыць важная і пачэсная місія – выхоўваць падрастаючае пакаленне. І я ганаруся, што гэтая місія ляжыць і на мне.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga