На базе Новаяльнянскага сельвыканкама прайшло комплекснае прафілактычнае мерапрыемства з удзелам намесніка старшыні райвыканкама, дэпутата раённага Савета дэпутатаў Вадзіма Бяляткі.
Да работы прыступілі савет грамадскага пункта аховы правапарадку пад кіраўніцтвам старшыні Новаяльнянскага сельвыканкама Людмілы Радзевіч, камісіі назіральная і па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва.
На прыём былі запрошаны мясцовыя жыхары, якія нядаўна вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, і грамадзяне, якія не працуюць і не жадаюць гэта рабіць. На сустрэчу прыйшлі восем чалавек з 20 запрошаных, каб растлумачыць, што перашкаджае ім жыць і працаваць сумленна.
Цікава, што большасць беспрацоўных маюць “хадавыя” на рынку працы прафесіі – повар, зваршчык, будаўнік. Аднак працаваць па іх не збіраюцца, выдумваючы свае прычыны: пратэрмінаваны пашпарт, міфічныя і рэальныя праблемы са здароўем, непасільныя нагрузкі. Напрыклад, мужчына быў звольнены за прагулы ў адным з сельгаспрадпрыемстваў, бо сам сабе вырашыў: хадзіць па 30 кіламетраў на працягу рабочага дня – гэта цяжка для яго, лепш сядзець дома.
Нярэдка нядобрасумленныя сваякі жывуць за кошт сваіх родных і не думаюць мяняць сітуацыю да лепшага. Многія з іх маюць пратэрмінаваныя абавязкі па аліментах, а пастаянных крыніц даходу няма. Іншыя нават спрабавалі даказаць, што даход у іх ёсць – грыбы, ягады, за якія можна выручыць някепскія грошы. Але стабільным такі заробак не назавеш. Перыяды працяглага беспрацоўя некаторыя чаргуюць з часовымі “хаўтурамі” або ўвогуле спрабуюць сябе ў справах, далёкіх ад закона. Як запэўнілі члены камісіі, гэта дарога рана ці позна прывядзе да турэмнага тэрміну.
– Навошта ісці на працу, ужо хутка ўсё, – патлумачыў сваю пазіцыю мужчына, 1965 года нараджэння, маючы на ўвазе набліжэнне пенсійнага ўзросту. Аднак у чалавека ні ў галаве, што пенсію таксама трэба зарабіць.
На пасяджэнні камісіі разглядаліся і праблемныя пытанні выхавання дзяцей. Яны застануцца на кантролі адказных службаў, у ліку якіх аддзел адукацыі райвыканкама і камісія па справах непаўналетніх АУС райвыканкама.
Усе, хто ў гэты дзень па добрай волі наведаў пасяджэнне савета, атрымалі не толькі ўшчуванне, але і падказку, як вырашыць сваю праблему. Кожнаму прапанавалі канкрэтныя варыянты працаўладкавання ад сезоннай уборкі бульбы ў гаспадарках раёна да работы па спецыяльнасці. Грамадзяне паабяцалі разгледзець магчымасці і выправіцца ў бліжэйшы час.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga