Людзі працы. І слава, і гонар. Героі жніва

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Сабраць хлеб своечасова, не страціўшы ніводнага зярнятка.

Гэту няпростую, але пасільную задачу рэалізуюць самаадданыя, працавітыя, дружныя аграрыі.

З пашанай да роднай зямлі, павагай да тэхнікі і адзін да аднаго, веданнем справы і гатоўнасцю прыйсці на дапамогу таварышу – толькі так працуюць героі новага часу, дзятлаўскія хлебаробы.

У КСУП “Хвінявічы” на ўборцы яравой пшаніцы з падсевам шматгадовых траў былі адначасова заняты самыя вопытныя і самыя маладыя механізатары. У зладжанай камандзе падышлі да справы з майстэрствам, напрацаваным дзесяцігоддзямі, і энергічнасцю, накіраванай на дасягненне высокіх вынікаў.

Для Анатоля Марука гэты сезон юбілейны, 35-ы ў КСУП “Хвінявічы”. 12 гадоў ён адпрацаваў на “Доне” і ўжо 23 – на вернай “Лідзе-1300”, якая за столькі гадоў стала роднай і дарагой, амаль як любімая жонка – слухаецца і не падводзіць.

– Калі б пасеваў было больш, мо ўсе і па тысячы ўзялі б, – заўважае ў размове Анатоль Яўгенавіч. – Ды і так грэх скардзіцца: ураджай някепскі, галоднымі не застанемся.

Самаадданая выніковая праца хлебароба была адзначана высокай дзяржаўнай узнагародай – медалём “За працоўныя заслугі”.

Разам з ім на “Лідзе” працуе адзін з самых вопытных памочнікаў камбайнера на Дзятлаўшчыне – вадзіцель КСУП “Хвінявічы” Мікалай Жынко. На пытанне, які сезон на жніве, мужчына адказвае жартам:

– Пасля дваццатага збіўся з ліку.

Расказвае, што ўборачная кампанія ў гаспадарцы ідзе актыўна і падбіраецца да свайго завяршэння. За сезон разам з напарнікам яны паспелі ўбраць жыта, трыцікале, пшаніцу і ячмень, засталіся зернебабовыя. Настрой рабочы, бадзёры, пазітыўны.

Іх малодшы калега Іван Ташлыкоў удзячны магчымасці папрацаваць поруч з тытанамі сельскай гаспадаркі. Робіць ён без памочніка, на новым GS-1218 Pro “Гомсельмаш”, аднак удзячны старэйшым калегам за навуку.

– Калі трэба, падкажуць і нават пакажуць, ніколі не адмовілі ў дапамозе, – расказвае Іван Іванавіч. – У іх заўжды ёсць чаму павучыцца. Удзячны за магчымасць атрымаць каштоўны вопыт, які праз гады сам перадам маладым аграрыям. Прыемна, што калектыў не стаіць на месцы, прыходзіць маладое папаўненне механізатараў і спецыялістаў.

Аляксей Скрундзь – самы малады з каманды, сёлета яму споўніўся 31 год. Больш за чвэрць жыцця ён за рулём камбайна, кожнае лета прыязджае на Дзятлаўшчыну, каб далучыцца да масавага жніва ў калектыве КСУП “Хвінявічы”.

– Каля шасці гадоў працаваў на “Лідзе-1300” і ўжо трэці сезон – на новым GS-1218 Pro, які атрымаў ад кіраўніцтва прадпрыемства, – расказвае Аляксей Уладзіміравіч. – Такая работа мне па душы, і зарабіць за сезон можна добра.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga