Хто крылы расправіў на роднай зямлі. Дзе душа мая – у школе, гэта доля мая…

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Алена Жадзейка – чалавек каласальнай працаздольнасці, адказнасці, тактоўнасці, за плячыма якога вялікі вопыт педагагічнай і кіраўнічай дзейнасці – так характарызуюць былую намесніка начальніка аддзела адукацыі райвыканкама калегі.

За шматгадовую добрасумленную працу і педагагічнае майстэрства Алена Іванаўна ўзнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”, Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, адзначана Падзякай старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. За значны ўклад у развіццё сістэмы адукацыі Дзятлаўшчыны яна ўдастоена дыплома і знака “За заслугі” Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта.

З важкай скарбонкай узнагарод і вопыту наша зямлячка пачынае новы этап жыцця – выходзіць на заслужаны адпачынак. З гэтай нагоды педагогі раёна і сяброўкі па грамадскім аб’яднанні “Беларускі саюз жанчын”, раённую арганізацыю якога Алена Жадзейка паспяхова ўзначальвала шмат гадоў, падрыхтавалі для яе ўрачыстую сустрэчу-сюрпрыз у гімназіі № 1 горада Дзятлава, дырэктарам якой, дарэчы, Алена Іванаўна таксама пэўны час з’яўлялася. Гучала шмат шчырых і прыгожых словаў, добрых пажаданняў, праграма ўрачыстасці была яркай, цёплай, крэатыўнай, кранальнай да слёз, са шчымлівымі вершамі, удумлівымі песнямі, аднак усё роўна засталося адчуванне недасказанасці, якое не дазваляе паставіць кропку. Ужо і на пасаду намесніка начальніка аддзела адукацыі райвыканкама заступіла дастойная пераемніца, вопытны педагог і кіраўнік, дэлегат сёмага Усебеларускага народнага сходу Таццяна Умоўская, і Алена Жадзейка, развітваючыся, паабяцала, калі спатрэбіцца парада ці падказка, быць адкрытай для кожнага з былых калегаў, але, як кажуць, “закрываць гэту старонку” не хочацца. Сама Алена Іванаўна мяркуе, што, прысвяціўшы пэўны час сям’і і блізкім, якія маюць у гэтым патрэбу, пазней, магчыма, вернецца на ніву адукацыі, ва ўсялякім разе будзе актыўным членам галіновай ветэранскай арганізацыі.

Усё пачынаецца са школьнага званка

Менавіта так Алена Жадзейка пачынала свой шлях у самую высакародную і гуманную прафесію – педагогіку.

– Часта ўспамінаецца яркі момант дзяцінства, калі я ішла ў першы клас Гузнёўскай пачатковай школы, – дзеліцца Алена Іванаўна. – Неабходна было прайсці па тоненькай кладцы. Памятаю сябе ў белай блузцы і блакітнай плісіраванай спадніцы. Нас сустракала першая настаўніца Любоў Мікалаеўна. Яна спытала, чаго мы чакаем ад школы. Мы з сяброўкамі паабяцалі старацца. Літаральна праз тыдзень заняткаў я канчаткова вырашыла для сябе, што буду настаўніцай, аб чым упэўнена паведаміла бацькам. Завяла журнал і, рыхтуючы дамашнія заданні, аб’ектыўна выстаўляла сабе ацэнкі. У класе ўсе ведалі: калі да дошкі ідзе Лена Філідовіч, абавязкова будзе выдатны адказ. Сваю мару я ўпэўнена пранесла праз усё школьнае жыццё.

У трэцім класе Алена перайшла ў Дзямянаўскую базавую школу, якую скончыла з пахвальным лістом. Там, раўняючыся на класнага кіраўніка Клаўдзію Венскую, яшчэ больш палюбіла настаўніцкую справу. Паступіла ў Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча на настаўніцу пачатковых класаў, кіраўніка групы падоўжанага дня. Яго таксама скончыла з чырвоным дыпломам, а за ўсю працоўную дзейнасці ніколі не пашкадавала аб жыццёвым выбары.

Працаваць маладая педагог пачынала ў 1985 годзе выхавальнікам групы падоўжанага дня ў Вензавецкай сярэдняй школе, бо перад дзяржэкзаменамі выйшла замуж за мясцовага агранома, была размеркавана па месцы работы мужа. Потым нарадзіўся сынок. Пасля водпуску па доглядзе дзіцяці ў 1987 годзе Алена Жадзейка была пераведзена настаўніцай пачатковых класаў у сярэднюю школу № 1 горада Дзятлава. Калі ў райцэнтры была пабудавана сярэдняя школа № 3, разам з класам перайшлі туды.

У 2000 годзе ёй прапанавалі пасаду ў аддзеле адукацыі райвыканкама, дзе адпрацавала 20 гадоў, спачатку метадыстам раённага метадычнага кабінета, потым галоўным спецыялістам, а большую частку – намеснікам начальніка аддзела. За гэты час былі “невялікія перапынкі”: у 2002-2004 гадах Алена Жадзейка працавала дырэктарам сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, у 2004-2007 гадах узначальвала калектыў гімназіі № 1.

Прывабная жанчына і шчодрай душы чалавек

Наша зямлячка лічыць, што дабрыня ёй дасталася ад бацькоў, пераважна ад бабулі Яўгеніі Казіміраўны Філідовіч. Праз гады Алена Жадзейка пранесла непрапісныя ісціны, якім вучыла бабуля Ганэфа: “Не май 100 рублёў, май 100 сяброў”, “Бясплатны сыр толькі ў мышалоўцы”. Ад Яўгеніі Казіміраўны ўнучцы дасталося і непераадольнае імкненне дапамагаць людзям, гатоўнасць аддаваць усё да апошняй крошачкі, што тычылася не толькі матэрыяльнага, але і ведаў, уменняў, вопыту.

– Заўсёды старалася, каб мае вучні былі не горшыя за іншых, каб раслі адукаванымі, а галоўнае – чалавечнымі, годнымі людзьмі, каб любілі сваю Радзіму, умелі працаваць кожны на сваім месцы з чулым сэрцам, увагай да іншых, залатымі рукамі, бо не пасада, красіць чалавека, а чалавек яе, – дзеліцца сваімі жыццёвымі правіламі Алена Жадзейка. – Калі займала кіруючую пасаду імкнулася прывіць кожнаму з педагогаў важнейшую якасць – любоў да дзяцей, старалася, каб яны мелі высокі прафесіяналізм, высокі ўзровень адказнасці і заўжды ганарыліся выбраным шляхам.

Ціхім, спакойным, ураўнаважаным тонам Алене Жадзейцы ўдавалася данесці да сваіх падначаленых асноўныя пастулаты педагогікі. Яна ўмела арганізаваць адукацыйна-выхаваўчы працэс так, каб спецыялісты сістэмы адукацыі Дзятлаўшчыны былі сярод лідараў вобласці і рэспублікі. Інтуітыўна Алена Іванаўна “бачыла” людзей, разумела, хто з іх здольны “ўзнімацца да зор” і “пакараць новыя вяршыні”. Менавіта з яе “лёгкай рукі” паўторна ўдзельнічаць у конкурсе “Настаўнік года” была заахвочана Інэса Зубрыліна, якая выйшла ў пераможцы рэспубліканскага фіналу, стала ўладальніцай “Крыштальнага жорава” і з рук Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі атрымала галоўны прыз – аўтамабіль. Было складана стаць лепшымі ў краіне, аднак працавала дружная каманда, высокі прафесіяналізм педагогаў Дзятлаўшчыны паспрыяў яркаму выніку калегі.

Увогуле, кожны дзень кожнай сваёй справай, рашэннем Алена Жадзейка спрыяла таму, каб працвітала сістэма адукацыі раёна і Дзятлаўшчына, была дастойнай жамчужынай сістэмы адукацыі краіны.

Усе гэтыя ўменні і творчая энергія спатрэбіліся і калі Алена Іванаўна ўзначаліла раённую жаночую арганізацыю. Дзякуючы яе падтрымцы і ўменню “дарыць крылы” дзятлаўчанкі неаднаразова ў розных намінацыях і розныя гады ўдастойваліся ганаровага звання “Жанчына года”.

Не выкрасліць ні з памяці, ні з сэрца

– Калі не змагу працаваць, буду маліцца, бо душа мая – у школе з вучнямі, іх бацькамі, педагогамі, – па-філасофску разважае Алена Жадзейка, завяршаючы свой аповед. – Часта гляджу на настаўнікаў-пенсіянераў, бачу, што многія з іх адгукнуліся на запрашэнні школьных калектываў і прадаўжаюць працаваць з задавальненнем, дзеляцца сваімі ведамі, мудрасцю, вопытам, усё яшчэ прыносяць карысць дзецям і нашай дзяржаве. Думаю, можа, і я праз пэўны час зноў вярнуся ў клас. На розных перыядах працоўнага жыцця мне было па-рознаму радасна і шчасліва, калі ў мяне верылі дзеці, лепшым сямейным вопытам дзяліліся бацькі, ладзіліся вечары сустрэч. Усё гэта немагчыма выкрасліць ні з памяці, ні з сэрца. Застаецца толькі спадзявацца на шчодры лёс.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: