Нас з дзяцінства прывучаюць да беражлівых адносінаў да адной з самых галоўных святынь – хлеба.
Нездарма яго параўноўваюць з жыццём і сонцам.
Хрумсткая скарыначка і вабны водар нікога не могуць пакінуць абыякавым. Іншага больш значнага сімвала ў жыцці чалавека, чым хлеб, не існуе. Аб ім напісана шмат вершаў, апавяданняў, кніг, казак.
Хлеб з’яўляецца святым атрыбутам дастатку, залогам дабрабыту і асацыіруецца з карпатлівай і нялёгкай працай. Хлеб для продкаў з’яўляўся сімвалам зямлі, таму яго не рэзалі, а разломвалі рукамі. Яны казалі: “Хлеб – цар стала”. У старажытнасці славяне клалі хлебныя каўрыгі перад абразамі. У полі збожжа для пасеваў маглі выносіць толькі мужчыны.
Традыцыя сустракаць дарагіх гасцей хлебам-соллю сведчыць пра дабрабыт гаспадарскага дома і праяўленую гасціннасць. Пакаштаваць кавалачак хлеба з соллю азначала ўступіць з гаспадарамі ў сяброўскія адносіны, падзяліць пароўну ўсе нягоды і клопаты. Калі хтосьці некалі прыходзіў у госці і заставаў гаспадароў за ядой, то не казалі “смачна есці”, а “хлеб ды соль вашаму дому”.
Хлеб, спечаны на Каляды, ніколі не заплеснявее. Продкі лічылі: перавернуты хлеб скарынкай уніз прывядзе да няўдачы. Таксама нельга было пакідаць пачаты кавалак недаедзеным. У калядныя святы ў кожнай хаце ў куце пад абразамі ставілі вялікі ячменны або аўсяны сноп, знак урадлівасці і сімвал падзякі будучаму ўраджаю.
У нашых продкаў існавала традыцыя выпякаць хлеб у форме кальца. Праз адтуліну гэтага абярэга глядзелі на людзей, абараняючы сябе ад сурокаў.
Ні адно сватаўство не абыходзілася без хлеба. З караваем і соллю на ручніку сустракалі маладых з вянчання. Каўрыгу выкарыстоўвалі ў якасці абярэга, абклаўшы вакол нованароджанага ў калысцы.
Хлеб выкарыстоўвалі пры абрадзе наваселля. У новы дом на ноч упускалі ката або пеўня, затым унутр будынка заносілі святы абраз і каўрыгу.
Смяяцца з хлеба лічылася вялікім грахом, а нядбайнае стаўленне нават да хлебных крошак магло прывесці да недахопу грошай і голаду. Пакінуць надкушаным кавалак хлеба пагражала стратай шчасця і сілы.
З хлебам праводзілі на фронт і сустракалі з вайны. Памінкі таксама не абыходзіліся без хлеба, якім паміналі памерлага.
Для таго, каб мы кожны дзень на сваім стале мелі духмяны хлеб, ад ранку да позняга вечара працуюць не пакладаючы рук хлебаробы. Хвала і пашана ім!
Канстанцін КАРНЯЛЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup