Дзе тонка, там і рвецца, кажуць у народзе.
І як толькі нейкае пытанне выпадае з пільнага кантролю адказных службаў, пачынаюцца праблемы.
Так, з набліжэннем восені на Дзятлаўшчыну прыйшла новая хваля сумніка канадскага (па-руску “золотарник”). Вельмі прыгожая расліна, якая радуе вока сваімі залацістымі мяцёлкамі. Але шкодная… Таму і нельга ні самім вырошчваць, ні дапускаць стыхійнага яе вырастання.
Трывогу забілі мясцовыя жыхары, маўляў, на старых могілках гэта расліна буяе ва ўсёй красе. І сапраўды, на ўказаным месцы разрастанне сумніка канадскага набыло сур’ёзныя маштабы. Пры гэтым варта адзначыць, што расліна прысутнічае не толькі на агульнай тэрыторыі, але і за агароджай вакол магіл, быццам спецыяльна пасаджана клапатлівымі рукамі. Залатыя кветкі маюць прывабны выгляд, але шкоды ад іх нашмат больш.
Між тым, актыўны раслінны “шкоднік”, які самасевам распаўсюджваецца з хуткасцю свету, ужо “перабраўся” ад могілак праз дарогу і асеў на ўрадлівым палетку адной з гаспадарак раёна, дадаўшы аграрыям дарэмных клопатаў.
Каму вырашыць праблему і як быць з такой “прыгажосцю”, расказаў начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Балькоўскі:
– Сумнік канадскі, як і баршчэўнік, адносіцца да інвазіўных відаў раслін, якія адназначна падлягаюць знішчэнню, бо наносяць моцную шкоду экасістэме. Найбольш эфектыўны метад барацьбы з сумнікам – хімічны, можна таксама скасіць яго, аднак гэта трэба будзе рабіць неаднаразова. Наконт ліквідацыі расліны на гарадскіх могілках было выдадзена прадпісанне Дзятлаўскаму РУП ЖКГ, усё павінна быць зроблена ў вызначаны тэрмін, аналагічнае прадпісанне атрымае сельгаспрадпрыемства, якому належаць землі, дзе таксама былі выяўлены ачагі сумніка. Карыстаючыся выпадкам, хацелася б звярнуцца да грамадзян, якія спецыяльна насяваюць гэтыя кветкі ў сябе на прысядзібных участках або на тых жа могілках для ўпрыгажэння, каб яны больш не рабілі гэта. Ёсць шмат іншых прыгожых раслін, якія не шкодзяць прыродзе, лепш вырошчваць іх, а не знішчаць навакольнае асяроддзе сваімі сіламі. Апроч усяго, за распаўсюджанне або нежаданне ліквідаваць сумнік віноўнікаў можа чакаць адміністрацыйная адказнасць.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga