Дзелавы панядзелак. На нарадзе: за парты дзятлаўскіх школ сядуць больш за дзве тысячы дзяцей

Важнае Улада

Падрыхтоўка да асенне-зімовага перыяду, камфорт для школьнікаў, нарыхтоўка кармоў, “цыганскі след” – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Самыя актыўныя і спартыўныя

300 школ будуць працаваць у Гродзенскай вобласці ў гэтым годзе. У Дзень ведаў яны адчыняць дзверы для больш чым 120 тысяч школьнікаў. Такая статыстычная інфармацыя прагучала на абласной відэанарадзе. Абмеркаванне тэмы пачатку новага вучэбнага года прадоўжылі на раённай. 12 установаў агульнай сярэдняй адукацыі будуць функцыянаваць на Дзятлаўшчыне. За парты сядуць 2093 дзіцяці, з іх 149 першакласнікаў.

Аднаразовую матэрыяльную дапамогу са сродкаў раённага бюджэту на падрыхтоўку да новага навучальнага года дзяцей са шматдзетных, малазабяспечаных, а таксама сем’яў з дзецьмі-інвалідамі атрымалі 275 сем’яў, у якіх выхоўваюцца 597 дзяцей.

Нават у час канікулаў вынікі актыўнай прафесійнай дзейнасці “наганяюць” педагагічныя калектывы нашага раёна. На мінулым тыдні вызначаны пераможцы абласнога конкурсу дыярам. Дыярама “Ліпічанскі Сусанін”, створаная пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча Фёдара Бойкі, заняла ІІ месца. Гімназія райцэнтра заваявала ІІІ месца ў абласным конкурсе на самую спартыўную школу.

Унесена прапанова, якая ў час нарады атрымала падтрымку старшыні райвыканкама, у наступным годзе пабудаваць і ўстанавіць варкаўт-пляцоўку на тэрыторыі Дварэцкай сярэдняй школы. Акрамя таго, на перспектыву, спецыялісты Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый зоймуцца падрыхтоўкай праектна-каштарыснай дакументацыі па рамонтах дахаў гімназіі горада Дзятлава і Гезгалаўскай сярэдняй школы, якія плануюцца ў 2025-2026 вучэбным годзе.

Зерневыя, зернебабовыя ў закрамах, прыступаем да кукурузы

У сельскай гаспадарцы раёна нарыхтоўка кармоў выходзіць на першы план. Ужо на гэтым тыдні кукурузу на сілас пачне закладваць СГФ “АграМілк”.

Сяўбу рапсу дзятлаўскія аграрыі плануюць завяршыць да 25 жніўня. Прадаўжаецца ўборка льну, а таксама вызваляюцца плошчы пад будучыя пасевы гэтай культуры. Сельгаспрадпрыемствы здаюць дзяржзаказ. Заўвагі па нізкіх тэмпах здачы прагучалі ў адрас КСУП “Хвінявічы”.

На кантролі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання застаецца жывёлагадоўля.

Дадатковы заробак абышоўся дорага

З якімі толькі відамі махлярства не сутыкаецца сёння чалавек. Штодня ўсё новыя і новыя з’яўляюцца кіберзлачынствы (падрабязней газета пісала ў № 65). Не зніжаецца і колькасць “традыцыйных” спосабаў ашуканства людзей, праўда, з сучаснымі дадаткамі.

Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі расказаў пра адзін з іх. На мінулым тыдні жыхар аднаго з гарпасёлкаў Дзятлаўшчыны, шматдзетны тата, атрымаў прапанову ад незнаёмай жанчыны аб афармленні на яго імя “растаможкі” аўтамабіля. Згодна з заканадаўствам шматдзетныя сем’і маюць фінансавыя льготы пры афармленні такіх мытных дакументаў. За гэта незнаёмка паабяцала яму ўзнагароджанне. Мужчына згадзіўся і пры асабістай сустрэчы дазволіў жанчыне зрабіць фотаздымкі яго пашпарта.

Самае цікавае пачалося далей. Як высветлілі праваахоўнікі, незнаёмка жыве разам з цыганскай дыяспарай каля Баранавічаў. Адна з цыганак скарысталася яе тэлефонам і па ўбачаных у ім здымках чужога пашпарта вырашыла правярнуць афёру: падала анлайн-заяўку ў інтэрнэт-магазін бытавой тэхнікі, у час тэлефоннай размовы з прадстаўнікамі магазіна назвалася жонкай мужчыны, на чый пашпарт афармляе анлайн-крэдыт. Усё ў яе атрымалася, цяпер дзятлаўчанін павінен заплаціць крэдыт за чужую бытавую тэхніку ў памеры амаль 18 тысяч рублёў.

Па дадзеным факце вядзецца следства.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga