Дзелавы панядзелак. На нарадзе: смачная прадукцыя хлебапёкаў і цяпло ў доме

Важнае Улада

Уборка бульбы і цукровых буракоў, прадаўжэнне капітальных рамонтаў жылых дамоў і вытворчых будынкаў, своечасовая падрыхтоўка цеплакрыніц і спажыўцоў цеплавой энергіі да ацяпляльнага перыяду, крадзяжы афарбаванага паліва – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

На закладку сіласу і ўборку бульбы выходзь

Бясконцыя клопаты аграрыяў. Падвялі вынікі жніва на раённых “Дажынках-2024”, а ў палях ужо чакаюць уборкі кукуруза, буракі, бульба.

З 1 верасня да ўборкі бульбы прыступяць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна. У большасці – камбайнамі. У гэты ж перыяд пойдзе і ўборка цукровых буракоў. Заўважана было на нарадзе, што гаспадаркам неабходна кантраляваць загрузку аўтамабіляў, каб не было страт у час перавозкі.

– Гэта яшчэ і бяспека руху на дарозе для вадзіцеляў і пасажыраў легкавых аўтамабіляў. З перагружаных машын караняплоды разлятаюцца, як снарады. Дзяржаўтаінспекцыі таксама трэба звярнуць на гэта ўвагу, – адзначыў кіраўнік раёна.

Закладка кукурузы на сілас масава ідзе на бягучым тыдні. Таксама гаспадаркі звозяць салому з палёў, каб хутчэй вызваліць пасяўныя плошчы пад лён.

На кантролі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання гэтыя дні своечасовая аплата сельгаспрадпрыемствамі за паліўна-энергетычныя рэсурсы і выплата работнікам заработнай платы.

Усё бліжэй “час Ч”

Падрыхтоўка да асенне-зімовага перыяду аб’ектаў вобласці і раёна абмяркоўвалася на абласной, а пасля і раённай нарадах.

Да 30 верасня ўсе суб’екты гаспадарання павінны атрымаць пашпарты гатоўнасці. Цяпер на Дзятлаўшчыне гатоўнасць цеплакрыніц складае 93 %, зарэгістраваны 93 пашпарты спажыўцоў цеплавой энергіі. Адно прадпрыемства не падало заяўку на правядзенне абследавання цеплакрыніцы, паколькі знаходзіцца ў стадыі банкруцтва. Увогуле, спецыялісты раённай энергагазінспекцыі заверылі прысутных, што ўсе аб’екты нашага раёна будуць абследаваны ў вызначаны тэрмін.

Заўвагі старшыні райвыканкама з-за недастатковай арганізацыйнай работы прагучалі ў адрас жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

– Асаблівасці падрыхтоўкі абсталявання, парадак падпісання пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц і цеплаўстановак да ацяпляльнага перыяду, змяненні ў правілах і патрабаваннях энергагазінспекцыі – гэта павінны ведаць і кантраляваць спецыялісты ЖКГ. А правіламі грэбаваць нельга, гэта не жарт, яны “пішуцца кроўю”. Усё магчымае неабходна выканаць, каб максімальна пазбегнуць аварыйных сітуацый у ацяпляльны перыяд у сістэмах вода- і цеплазабеспячэння, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.

Ад раённай да “Бацькавай” булкі

Майстэрства работнікаў хлебнага цэха Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства было высока ацэнена ў час раённага свята “Дажынкі-2024”. Узгадалі пра гэта і на нарадзе. Майстры-хлебапёкі стварылі галоўны каравай свята вагою 40 кілаграмаў, выпеклі падарачныя караваі для кожнай гаспадаркі, якія іх кіраўнікам уручылі на ўрачыстасці, а таксама арганізавалі выставу-дэгустацыю сваёй прадукцыі з 23 найменняў. Занялі І месца ў дажынкаўскім конкурсе на лепшы гандлёвы аб’ект.

А ўсяго тыдзень таму на свяце “Бацькава булка” ў Свіслачы прадукцыя нашага хлебнага цэха заваявала ІІ месца ў рэспубліканскім конкурсе кандытарскай прадукцыі. Падрабязней пра гэтыя і іншыя поспехі Дзятлаўскага філіяла аблспажыўтаварыства раскажам у бліжэйшым нумары газеты.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: