На бягучым тыдні штотыднёвая нарада ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага па ўважлівых прычынах адбылася ў аўторак. Дзень правядзення непрывычны, аднак тэмы гучалі традыцыйна самыя важныя для раёна.
Гаварылі пра пустуючыя дамы, школьнае “абнаўленне” да новага навучальнага года, віды работ, якія ажыццяўляе жыллёва-камунальная гаспадарка, тэмпы ворыва на палях і іншыя.
Не ўсё пад знос, прадаваць спрабуйце
Падрабязна абмеркавалі на нарадзе тэму работы спецыяльнай камісіі, сельскіх выканаўчых камітэтаў па Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 116 ад 24 сакавіка 2021 года “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі”. Дакументам спрошчаны парадак адчужэння грамадзянамі прыналежных ім жылых дамоў у сельскіх населеных пунктах і гарадах раённага падпарадкавання, якія былі пабудаваны да 8 мая 2003 года. Пустуючыя жылыя дамы, прызнаныя судом безгаспадарнымі і перададзеныя ва ўласнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы, могуць прадавацца выканкамамі на аўкцыёнах па рыначным кошце з магчымасцю паэтапнага зніжэння цаны да 1 базавай велічыні. Знос непрыдатных для выкарыстання пустуючых дамоў не вышэй за два паверхі дапускаецца без распрацоўкі праектнай дакументацыі на іх знос.
Як адзначыў Андрэй Садоўскі, у нашым раёне адказныя структуры па рабоце з гэтым указам максімальна схіляюцца да аднабокага віду дзейнасці – зносу пустуючых будынкаў, між тым многія трывалыя дамы, якія яшчэ можна прадаць, не выстаўляюцца на аўкцыён.
– Падобны дом быў у вёсцы Боцкавічы, на ўездзе ў вёску, зарастаў пустазеллем. Прадалі – сёння прыемна паглядзець, дагледжваецца тэрыторыя, “ажывае” домаўладанне, – прывёў прыклад Андрэй Уладзіміравіч. – На жаль, у нашых службаў падыход да гэтага пытання фармальны. На сайце Дзяржкаммаёмасці па Дзятлаўскім раёне размешчаны толькі аварыйныя дамы, а якія і лепшыя, то фотаздымкі іх настолькі няўдалыя, што наўрад якога пакупніка зацікавяць.
Старшыня райвыканкама паставіў задачу актывізаваць работу па Указе № 116.
У чаканні першага званка
Установы адукацыі на Дзятлаўшчыне практычна гатовыя да пачатку новага навучальнага года. 17 маладых спецыялістаў папоўняць сёлета педагагічныя калектывы раёна, 6 з іх – дашкольных установаў горада.
Як расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, да 15 жніўня ўсе яны будуць працаўладкаваны і прыступяць да сваіх прафесійных абавязкаў.
Многія пытанні нарады тычыліся матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў адукацыі Дзятлаўшчыны, значная сума з бюджэту была накіравана сёлета на яе ўдасканаленне. Напрыклад, на рамонт харчблока ў дзіцячым садзе № 2 райцэнтра; даху ў Новаяльнянскай сярэдняй школе; бягучы рамонт часткі даху корпуса № 2 будынка дзіцячага сада № 1 горада Дзятлава, набыццё мэблі, камп’ютараў, надворнага абсталявання і многае іншае (падрабязней раскажам у наступным нумары газеты “Перамога”).
Адзначыла Марына Яўгеньеўна таксама высокую актыўнасць бацькоў вучняў у Хвінявічах, Наваельні, Дварцы, сярэдняй школы № 1 і гімназіі райцэнтра ў дапамозе па падрыхтоўцы школ да навучальнага года.
На працягу трох дзён 14-16 жніўня спецыяльная камісія спецыялістаў аддзелаў адукацыі, па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў райвыканкама, дзяржаўтаінспекцыі, Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Вадзімам Бяляткам наведае ўстановы раёна, каб падпісаць пашпарты гатоўнасці.
22 жніўня адбудзецца традыцыйная раённая педагагічная канферэнцыя, дзе абмяркуюць ключавыя рэсурсы развіцця адукацыі ў новым навучальным годзе.
Урачыстыя лінейкі, прымеркаваныя да Дня ведаў, пройдуць 2 верасня.
Сеюць азімы рапс
Гаспадаркі “Войневічы” і “АграМілк” прыступілі да сяўбы рапсу. На працягу тыдня ўсе аграрыі раёна падключацца да гэтага віду работ. Андрэй Садоўскі адзначыў, што тут не выклікаюць засцярогі нашы сельгаспрадпрыемствы, па ўстаноўленым плане да 20 жніўня рапс на Дзятлаўшчыне будзе пасеяны. Адзінае, на чым Андрэй Уладзіміравіч акцэнтаваў увагу – выкананне тэхналогіі ўнясення падкормак пад рапс.
Таксама “канцэнтруюць сілы” гаспадаркі на своечасовай падрыхтоўцы глебы да асенняй сяўбы, актыўным унясенні гліфасатаў.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga