Сацыяльна-культурны праект “Глыбінкай жыве Беларусь” сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці прадаўжае маршруты па раёне.
На гэты раз шчырыя віншаванні ад Івана Кашко, Ірыны Бакшук, Святланы Венскай, да якіх з падарункамі далучыліся старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар і сакратар аб’яднання Ядвіга Гушча, прагучалі для 90-гадовай юбіляркі з аграгарадка Вензавец Таццяны Лейка.
Для Таццяны Данілаўны госці падрыхтавалі яркую музычную паштоўку, кветкі, падарункі і самыя цёплыя словы пажаданняў – здаровага даўгалецця, бадзёрасці духу, толькі добрых людзей на жыццёвым шляху і мірнага неба над галавой.
Нягледзячы на тое, што Таццяна Лейка не з’яўляецца карэннай жыхаркай Вензаўца, з аграгарадком яе звязваюць больш за 40 гадоў прафесійнай дзейнасці на ніве медыцыны, сям’я, сябры, шмат шчаслівых момантаў жыцця.
Імянінніца расказала сваім гасцям, што нарадзілася яна цёплым ліпеньскім днём 1934 года ў шматдзетнай сям’і рабочых у Калінкавічах Гомельскай вобласці. Бацька быў кавалём, матуля даглядала сямёра дзяцей. Як і ўсіх беларусаў таго часу, вялікія выпрабаванні напаткалі сям’ю на золку 22 чэрвеня 1941 года. На світанні пачалася моцная бамбёжка чыгуначнага вузла горада Калінкавічы. Спалоханыя гараджане пакідалі свае дамы, беглі хавацца ў бліжэйшыя лясы. Сям’я Таццяны знайшла прытулак у доміку лесніка. Праўда, і тут пазбегнуць сустрэчы з ворагамі не ўдалося. Аднойчы, калі матуля пайшла паглядзець, што адбываецца ў горадзе, немцы ўчынілі аблаву і знайшлі адзінокі лясны домік. Выбіўшы дзверы, нямецкі афіцэр навёў свой аўтамат на маленькую Таню, якая нечакана сустрэлася яму ў жылым пакоі. Толькі рэакцыя радавога, які з крыкам “кіндэр” паспеў адхіліць дула, пазбавіла дзяўчынку ад смерці.
Таццяна Данілаўна ўспамінае, што ў той дзень сярод дзяцей не было старэйшага чатырнаццацігадовага брата Сяргея, якому рускія салдаты пры адступленні пакінулі каня Орліка. Хлопец хаваўся з ім у лесе. Пазней далучыўся да савецкіх зенітчыкаў, уцёк на фронт, дайшоў да Берліна, вярнуўся пасля вайны.
У Калінкавічах акупанты знаходзіліся да 14 студзеня 1944 года, пакуль у час Калінкавіцка-Мазырскай наступальнай аперацыі горад не вызвалілі савецкія войскі Беларускага фронту.
Радасць вызвалення для сям’і Таццяны была азмрочана тым, што не ўсе блізкія людзі заставаліся побач. У Германію немцы вывезлі старэйшую сястру, якая так і не вярнулася з канцлагера. У палон да ворага трапіў бацька Данііл Ільіч, пэўны час звестак пра яго не было. Як аказалася, мужчын фашысты гналі пешшу, слабых расстрэльвалі. Калі ў Данііла Ільіча пачаліся праблемы з нагамі, ён зразумеў, што жыць засталося нядоўга, а таму прыняў кардынальнае рашэнне. З пяццю палоннымі на чыгуначнай станцыі ў горадзе Астравец яны падабралі спрыяльны момант і схаваліся сярод штабеляў чыгуначных шпал. Ноччу па пуцях мужчыны рушылі дамоў. Вяртанне доўжылася некалькі дзён, на працягу якіх харчавацца даводзілася толькі ляснымі ягадамі, грыбамі ды лісцем. У Калінкавічы Данііл Ільіч дабраўся схуднелым, брудным, стомленым, але шчасцю родных не было канца, што кармілец зноў дома, радавалася нават старая аўчарка Муха, паклаўшы сваю морду на калені гаспадара.
Потым бацька пайшоў на фронт, вярнуўся пасля перамогі.
Сама Таццяна пасля вызвалення горада вучылася, скончыла сем класаў, прыслухаўшыся да матулінай парады, паступіла ў Мазырскую фельчарска-акушэрскую школу. Пакуль набывала медыцынскую адукацыю, установа змяніла статус на вучылішча. Па размеркаванні дзяўчына прыехала ў Дзятлава, а калі ў 1955 годзе быў адкрыты Вензавецкі ФАП, ёй прапанавалі месца загадчыцы.
– У зоне нашага абслугоўвання на той час было 12 вёсак, хутары, – дзеліцца ўспамінамі доўгажыхарка. – Працаваць даводзілася шмат. Акрамя фельчарска-акушэрскіх абавязкаў, я нават зубы людзям лячыла. На працоўным месцы сустрэла каханне ўсяго жыцця – будучага мужа Сцяпана Ігнатавіча Лейку. На прыём ён прыйшоў з парэзаным пальцам, пасябравалі, праз год згулялі вяселле.
Шчаслівая сямейная пара Лейкаў выгадавала трох дачок – Людмілу, Жанну, Святлану. Як зазначае Таццяна Данілаўна, яе дзяўчынкі былі паслухмяныя, вельмі дамашнія, старанна вучыліся і дапамагалі па гаспадарцы, усе яны атрымалі вышэйшую адукацыю.
Служэнню медыцыне Таццяна Данілаўна прысвяціла 46 гадоў, але і на пенсіі не сумавала без справы: гадавала ўнукаў, садзіла агарод, прыемнай аддушынай для яе было развядзенне кветак. Менавіта гэтыя “тры кіты” доўгажыхарка лічыць складальнікамі свайго даўгалецця.
Госці падзякавалі Таццяне Лейка за цікавы аўтабіяграфічны аповед і на развітанне пажадалі, каб яна яшчэ шмат гадоў радавала блізкіх цяплом сустрэч і абавязкова запрасіла артыстаў на свой 100-гадовы юбілей.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga