Андрэй Зуеў: “Мая мара – сесці за руль камбайна”

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Работа ў сельскай гаспадарцы – асаблівая, яе немагчыма паспяхова выконваць без энтузіязму і вялікай любові да справы.

Тым прыемней, што калектывы  сельгаспрадпрыемстваў раёна папаўняюцца энергічнымі і спраўнымі маладымі спецыялістамі.

Андрэй Зуеў працуе трактарыстам у КСУП “Жукоўшчына”  чацвёрты месяц і ўжо актыўна ўдзельнічае  ва ўборачнай кампаніі: займаецца прэсаваннем ільнотрасты. Сам ён тутэйшы, з аграгарадка Гезгалы. Па заканчэнні базавай школы атрымаў спецыяльнасць зваршчыка-трактарыста ў Лідскім тэхналагічным каледжы меліярацыйнага будаўніцтва, свядома вярнуўся працаваць на малую радзіму. Прызнаецца, што ў сельскую гаспадарку яго прывяла любоў да тэхнікі.

– Сёлета праходзіў вытворчую практыку ў КСУП “Жукоўшчына”, мне вельмі спадабалася, вырашыў, што хачу і надалей тут працаваць, – расказвае Андрэй Аляксандравіч. – Ужо паспеў паездзіць з прычэпам, папрацаваць на пасяўной, цяпер займаюся лёнам, знаходжу падыход да тэхнікі.

Сам прызнаецца, што не адразу ўсё атрымліваецца ідэальна, але недахопы і памылкі дапамагаюць выправіць старэйшыя таварышы. Малады спецыяліст мае канкрэтны план на будучыню: папрацаваць на розных відах сельгасработ, выпрабаваць на справе ўсю сельскагаспадарчую тэхніку і зарабіць тут свой першы капітал.

– Мне не раз прапаноўвалі щладкавацца ў горадзе на завод зваршчыкам, але сэрца цягнецца да вёскі, дзе вырас, дзе ўсё знаёма. Вельмі люблю тэхніку, таму работай сваёй задаволены. Пакуль працую на трактары МТЗ-82, але мая мара – сесці за руль камбайна, паўдзельнічаць у жніве ў саставе свайго экіпажа.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga