З агнём у сэрцы

Галоўнае Грамадства

Аператыўнасць, зладжанасць дзеянняў, дакладнае выкананне сваіх абавязкаў  – тое, што адрознівае ратаўнікоў ва ўсе часы.

Яны заўжды трымаюць руку на пульсе, не губляюць жыццёвы азарт, агонь у сэрцы і халодную галаву.

Пакуль аграрыі на перадавой змагаюцца за новы ўраджай, тылы надзейна прыкрываюць супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. На палетку каля вёскі Зарой ААТ “Граніт-Агра” ідзе ўборка азімага трыцікале. Там дзяжурыць баявы разлік  пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 12  гарпасёлка Наваельня, гэтым разам у саставе змены – яго начальнік, старшы прапаршчык Дзяніс Болтач.

– Не ўсе гаспадаркі ў дастатковай колькасці забяспечаны тэхнікай, прызначанай для патрэбащ пажаратушэнняякая абавязкова павінна знаходзіцца побач на выпадак экстранных сітуацый, таму мы дапамагаем: працуем па дагаворы з прадпрыемствамі раёна, – расказвае ён. – Раніцай суправаджаем сельгастэхніку на поле і нясём дзяжурства, пастаянна на сувязі з дыспетчарам. Калі ёсць неабходнасць, ажыццяўляем выезды на ліквідацыю надзвычайных сітуацый.

Дзяніс Болтач не марыў з дзяцінства быць ратаўніком. Пасля школы ён атрымаў прафесію будаўніка ў каледжы ў Карэлічах, прайшоў тэрміновую службу ў войску і тады свядома вырашыў звязаць сваё жыццё з пажарнай службай. Ураджэнец гэтых мясцін, ён прыйшоў працаваць на пост № 12 у Наваельні пажарным, быў камандзірам аддзялення і, нарэшце, ужо тры гады з’яўляецца начальнікам паста.

– Усё, чаго чакаў ад пажарнай службы, апраўдалася, – дзеліцца ратаўнік. – Ліквідацыя надзвычайных сітуацый, дапамога людзям у крытычныя моманты, вялікая адказнасць, узнагароджаная павагай землякоў і гонарам родных людзей за нас.

Усім, хто мае дачыненне да нялёгкай, але пачэснай пажарнай службы, Дзяніс Валер’евіч жадае сухіх рукавоў, братэрства, моцнага здароўя і поспехаў ва ўсіх справах.

Сяргей Кардаш, які дзяжурыць разам са старэйшым таварышам, толькі чацвёрты год у службе МНС, працуе вадзіцелем пажарнай машыны. Скончыў школу ў родных Таркачах, па заканчэнні якой атрымаў у каледжы спецыяльнасць вадзіцеля-аўтаслесара, а пасля службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь атрымаў прапанову ўладкавацца на пост № 12 у Наваельні, якую ахвотна падтрымаў.

– Тэхніка – гэта мая стыхія, заўжды любіў займацца машынамі, тут атрымаў такую магчымасць, – расказаў малады чалавек. – Пажарная тэхніка больш магутная і складаная ў эксплуатацыі, аднак за гады работы пры падтрымцы старэйшых таварышаў набыў вопыт, навучыўся разумець яе. Таксама для мяне ганарова служыць Радзіме і насіць пагоны на плячах.

Сяргей Аляксандравіч па сакрэце расказаў, што нават каханая дзяўчына ўпершыню звярнула на яго ўвагу дзякуючы адважнай прафесіі і прыгожай форме, у хуткім часе яны створаць сям’ю.

– Юнакам, якія мяркуюць звязаць сваё жыццё з пажарнай службай, хачу сказаць: рашайцеся – і вы не пашкадуеце, – запэўнівае ён. – Тым, хто на дзяжурстве, усім сённяшнім ратаўнікам і ветэранам службы жадаю ўдачы і моцнага здароўя.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga