Якая шыльда была на камені і дзе парк Перамогі ў Дзятлаве?

Галоўнае Грамадства

Дзятлаўчане ведаюць, што ў парку па вуліцы Слонімскай ёсць камень на пастаменце.

Ніякага надпісу або шыльды на ім не захавалася, і многія гараджане і госці райцэнтра задаюцца пытаннем: з якой нагоды ўсталяваны гэты памятны знак?

Самая папулярная версія, якая бытавала сярод насельніцтва, што раней на камені знаходзілася металічная шыльда аб тым, што тут была закладзена алея, якая, як і парк, носіць імя Перамогі. Аднак, у народным музеі “Дзеці ліхалецця” Новаяльнянскай сярэдняй школы знайшлася першая падказка аб тым, што алея была закладзена з удзелам іншаземных гасцей, а дакладней ранейшых “дзяцей ліхалецця”.

Супярэчлівасць атрыманай інфармацыі і раней выказаных гіпотэз заклікала да правядзення журналісцкага расследавання.

Спачатку было вырашана ехаць у Наваельню, бо менавіта там захоўваюцца чорна-белыя фотаздымкі аб падзеі і ёй прысвечана адна з музейных экспазіцый. Кіраўнік музея Тамара Крывеня, нягледзячы на водпуск, адразу ж адгукнулася на просьбу аб сустрэчы.

Рарытэтныя фотаздымкі ўдалося перафатаграфаваць, на жаль, надпіс на шыльдзе амаль не чытаўся. Разабраць удалося толькі “Алея памяці…”. Заставалася спадзявацца, што ў рэдакцыі на камп’ютарным маніторы можна ўбачыць больш слоў, а на тыя далёкія падзеі “пралье святло”  аповед Тамары Уладзіміраўны.

– Усяго ў савецкі перыяд адбыліся дзве сустрэчы з дзецьмі палітэмігрантаў – выхаванцамі Іванаўскага інтэрнацыянальнага дома імя А. Д. Стасавай па лініі ЦК МАДР, якіх Вялікая Айчынная вайна заспела ў інтэрнацыянальным лагеры “Наваельня”, і дзецьмі прытулка ваенных часоў у Дзятлаве, дзе знаходзіліся хлопчыкі і дзяўчынкі з Краснасельскага прытулка з-пад Ленінграда, Смаленскай, Арлоўскай абласцей, Прыбалтыкі, Беларусі, – адзначыла Тамара Крывеня. – Першая праходзіла з 17 па 20 мая 1985 года, другая была прымеркавана да адкрыцця школьнага музея “Дзеці ліхалецця” 18 верасня 1988 года.

Дарэчы, Тамара Уладзіміраўна ўзгадала, што ў час адной з іх кінахроніку “Народжаны для мужнасці” здымалі балгарскія рэжысёры Станка Міхайлаў і Дзіяна Дзіміх, а потым была напісана яшчэ і кніга “Вяртанне”, праўда, пераведзена толькі першая яе частка.

Трэцяя сустрэча, па словах Тамары Уладзіміраўны, адбылася ў 1998 годзе – да 500-годдзя горада Дзятлава і 10-годдзя школьнага музея. На яе прыехалі дзесяць гасцей. Разам з тым кіраўнік музея схілялася да версіі, што алею ў Дзятлаве садзілі ў 1988 годзе, аднак параіла звязацца з Ганнай Ціхан, якая ў свой час працавала дырэктарам раённага турысцка-краязнаўчага цэнтра і была адным з арганізатараў сустрэч, а цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

У рэдакцыі чакалі дзве прыемныя навіны. Па-першае, у падшыўцы газеты за 1985 год знайшоўся артыкул аб сустрэчы з “дзецьмі ліхалецця”, надрукаваны 23 мая, з фотаздымкам каля каменя, ідэнтычным аднаму з тых, што захоўваюцца ў фондзе новаяльнянскага школьнага музея. Ён быў падпісаны: “Ля мемарыяльнай дошкі ў г. п. Дзятлава, дзе пасаджаны парк інтэрнацыянальнай дружбы”. На жаль, больш падрабязных звестак у самім артыкуле не змяшчаецца. Па-другое, на маніторы пры дапамозе спецыяльных камп’ютарных праграм удалося прачытаць частку надпісу на шыльдзе: “АЛЛЕЯ ПАМЯТИ заложена В ЧЕСТЬ 40-ЛЕТИЯ ВЕЛИКОЙ ПОБЕДЫ…”  

Гэту інфармацыю ў час тэлефоннай размовы паведамілі Ганне Ціхан. Яна ўзгадала, што да падрыхтоўкі ўрачыстых мерапрыемстваў мелі дачыненне райкамы партыі і камсамолу, а потым вырашыла сама пагаварыць з Тамарай Крывеня.

Пакуль трымалася паўза, звязаліся з ветэранам працы і камсамольскага руху Яўгеніяй Савань. Яна выказала думку, што парк па Слонімскай мог быць закладзены адначасова з паркам каля абеліска Славы ў канцы 60-х.

Нарэшце “пазл пачаў складвацца”. У падшыўцы раёнкі за 1967 год, калі БССР адзначала 50-годдзе савецкай улады, у артыкуле “Маўчаць ля дарог абеліскі” з нагоды “кастрычніцкіх” урачыстасцяў за 14 лістапада чытаем: “Некалькі дзён таму жыхары райцэнтра, хлебаробы калгасаў, рабочыя прамысловых прадпрыемстваў сабраліся ў парк Перамогі, каб ушанаваць памяць дзясяткаў тысяч жыхароў раёна, якія аддалі свае жыцці ў барацьбе за савецкую ўладу. Людзі прынеслі вянкі і кветкі да абеліска Славы, які ўзведзены сіламі грамадскасці раёна ў юбілейным годзе”. Тут жа фотаздымкі з подпісамі: “абеліск Славы; на трыбуне ў час адкрыцця абеліска”.

Значыць, парк Перамогі ў Дзятлаве знаходзіцца каля абеліска Славы, адкрытага ў 1967 годзе, а парк інтэрнацыянальнай дружбы – па вуліцы Слонімскай.

Тэлефонны званок Тамары Крывеня пасля іх размовы з Ганнай Ціхан прывёў журналісцкае расследаванне да лагічнай развязкі. Тамара Уладзіміраўна, яшчэ раз перагледзеўшы архіўныя матэрыялы, удакладніла, што ў час першай сустрэчы з “дзецьмі ліхалецця” ў маі 1985 года былі адкрыты памятная шыльда на будынку ранейшай Новаяльнянскай школы (цяпер гарпасялковай бальніцы), там жа пасаджаны рабінавыя дрэўцы, высаджана алея Міру каля Вензавецкага лясніцтва, дзе ў вайну некаторы час знаходзіліся дзеці, а таксама сімвалічная алея Памяці 40-годдзя Вялікай Перамогі ў парку інтэрнацыянальнай дружбы ў Дзятлаве, аб чым і сведчыў надпіс на шыльдзе, якая была на камені, яшчэ быў адкрыты камень-помнік “Дзеці ліхалецця” на месцы знаходжання былога прытулка ў Дзятлаве (лакацыя каля будынка цяперашняга ФСЗН).

Другая сустрэча ў верасні 1988 года з дзецьмі палітэмігрантаў і дзятлаўскага прытулка была прымеркавана да адкрыцця музея “Дзеці ліхалецця” ў Новаяльнянскай школе і аднайменнага мемарыяла на гарадскіх могілках у Дзятлаве на месцы пахавання маленькіх ахвяраў вайны.

У нашым горадзе шмат славутых мясцін, Дзятлава яшчэ захоўвае таямніцы, адкрываць якія праз архіўныя звесткі, артыкулы “раёнкі”, размовы з краязнаўцамі і старажыламі вельмі цікава. Часам нам здаецца, што пра родны куток мы ведаем усё да дробязяў, а на справе высвятляецца, што гэта далёка не так.

Ірына СТЫРНІК
Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#камень #журналистское_расследование  #история