У рамках рэспубліканскай акцыі “Канікулы без дыму і агню” на базе Хвінявіцкай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага прайшоў сельскі сход.
Абмяркоўваліся пытанні бяспекі жыццядзейнасці, прадухілення пажараў і гібелі людзей на іх, іншыя актуальныя тэмы.
Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык пазнаёміў прысутных са статыстыкай гібелі людзей на вадаёмах пры купанні, звярнуўся да бяспекі ў побыце, нагадаў аб супрацьпажарных патрабаваннях, у тым ліку забароне і абмежаванні на наведванне лясоў у спякотнае надвор’е, заклікаў не пакідаць дзяцей без нагляду дарослых, асабліва каля вады. Ён адзначыў, што “непрыкметным абаронцам” для любой кватэры ці домаўладання можа стаць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які ўжо выратаваў шмат жыццяў.
Дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык папрасіла быць уважлівымі да пажылых людзей, аказваць ім дапамогу і садзейнічанне.
Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская ў першую чаргу звярнулася да бацькоў, бабуляў і дзядуляў, яшчэ раз падкрэсліла, што непаўналетнія патрабуюць павышанай увагі, асабліва ў час канікулаў.
Начальнік Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння Юрый Ганчар нагадаў прысутным правілы пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі газавага абсталявання.
Старшыня Парэцкага сельвыканкама Аляксандр Ядэйка заклікаў жыхароў сельсавета не быць абыякавымі да праблемаў сваіх суседзяў і абавязкова рэагаваць на здарэнні, сведкамі якіх становяцца.
Вынікі сустрэчы падвёў Аляксандр Бараноўскі. Ён адзначыў, што толькі дакладнае выкананне патрабаванняў бяспекі, уважлівыя адносіны да пажылых людзей і дзяцей, адказныя паводзіны дапамогуць пазбегнуць трагедый.
Напрыканцы ўдзельнікам сельскага сходу паказалі тэматычную відэастужку аб бяспецы на вадзе, раздалі памяткі ад супрацоўнікаў Дзятлаўскага РАНС.
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі арганізатараў
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga