Уражанні. Жудасныя факты мінулай вайны

Важнае Грамадства

Адкрыліся дзятлаўчанам, якія наведалі 19 ліпеня ў саставе дэлегацыі ад Дзятлаўскага раёна ўрочышча Уручча, што каля Мінска.

Сюды, ва ўрочышча, у 1942-1943 гадах звозілі мірных жыхароў, ваеннапалонных і вязняў канцлагераў і бязлітасна знішчалі. На тэрыторыі ляснога масіву знойдзена 21 яма-магіла, дзе знаходзяцца астанкі ахвяраў генацыду жыхароў Беларусі і іншых рэспублік былога Савецкага Саюза. Тут знішчана, згодна з апошнімі звесткамі, каля 100 тысяч чалавек. У ямах знойдзены косці людзей, кулі і гільзы да зброі нямецкай вытворчасці, асабістыя рэчы ахвяраў. Расстрэльныя ямы ва ўрочышчы Уручча – адно з самых масавых пахаванняў на тэрыторыі Беларусі.

Выехала дзятлаўская дэлегацыя ў 6.30 раніцы, аднак па дарозе за Навагрудкам сапсаваўся мікрааўтобус і давялося вяртацца і перасаджвацца на аўтобус, таму на месца прыехалі пазней. Мы папярэдзілі, што спазняемся, выбіваемся з графіка, бо ведалі, што ў гэты дзень прыедзе яшчэ некалькі раёнаў Гродзенскай вобласці. Аднак нас чакалі і адразу павялі па месцах раскопак. Спачатку расказалі пра прычыны іх правядзення, растлумачылі, што такое генацыд беларускага народа і якім чынам вядзецца расследаванне, задалі прысутным некаторыя пытанні, каб праверыць, што мы ведаем пра мінулую вайну і аперацыю «Баграціён» і як захоўваем у сваіх сэрцах памяць пра загінулых. На нейкія пытанні мы маглі адказаць, а некаторыя сталі для нас адкрыццём.

Пасля размовы і знаёмства рушылі на месца, дзе вядуцца раскопкі. Напярэдадні над Мінскам і ваколіцамі пранёсся страшэнны лівень, таму дарога да расстрэльных ям была гразкая. Ішлі павольна, размаўлялі, задавалі пытанні. Шчыра кажучы, цікавіла ўсё, бо ў падобных месцах асабіста я не была ніколі. Чытала, бачыла сюжэты па тэлебачанні, сама падчас экскурсій расказвала пра генацыд на дзятлаўскай зямлі. Але, паверце, убачыць на свае вочы тое, што рабілі з нашым народам чужынцы, прыхадні, нацыяналісты з Літвы, Латвіі, Украіны, – гэта пранікнуцца тым жахам і перадсмяротным шокам, які перажылі ахвяры. Былі сярод іх дзеці, старыя, жанчыны, мужчыны. Мужчын было найбольш, маладых, поўных сіл, тых, хто складае генафонд нацыі, – чырвонаармейцаў, якія трапілі ў акружэнне напачатку вайны і былі сагнаны ва ўрочышча для знішчэння, хлопцы з 18 да 35 гадоў. Каля 8 тысяч мужчын знайшлі супакаенне ў адной з расстрэльных ям. А колькі ў астатніх? Канчатковай лічбы пакуль няма, раскопкі прадаўжаюцца.

На месцы раскопак знаходзіцца невялікая экспазіцыя: інфармацыйныя стэнды, на якіх фотаздымак чалавека, што першы паказаў, дзе знаходзяцца ў лесе ямы з расстралянымі людзьмі, схемы размяшчэння раскопак, першыя знаходкі, а таксама рэчы, знойдзеныя з астанкамі людзей. Гэтыя рэчы сведчаць пра прыналежнасць ахвяраў да той ці іншай сацыяльнай групы насельніцтва.

 

Побач з экспазіцыяй – адна з расстрэльных ям. На дне яе – чарапы, косці людзей, пакладзеныя роўнымі радамі. Гэта першы і другі слой ахвяраў, а было такіх слаёў у кожнай яме да дзесяці. Пакладзены трупы роўненька, нібы пад лінеечку. У два рады, галавой да краёў ямы, нагамі да ног. І клалі іх, па словах экскурсавода, не мёртвых, а жывых. Уявіце сабе, які лямант стаяў тут, людзі адбіваліся, супраціўляліся, маці імкнуліся прыкрыць сабой дзяцей, галасілі, крычалі, а фашысты і іх служкі метадычна, як бярвенне, укладалі людзей у два рады і расстрэльвалі, а потым кідалі гранаты, каб ніводзін не выжыў. На мёртвых укладалі жывых – і так да самага верху ямы, пакуль не заставалася да берага сантыметраў 40. Пасля гэтага яму засыпалі. Для паказу наведвальнікам адкрыты чатыры расстрэльныя ямы. Раскопкі працягваюцца, і кожны раз выяўляюцца ўсё новыя і новыя факты, лічбы ахвяраў пастаянна растуць.

Калі вярнуліся да месца прыпынку аўтобуса, не хацелі разыходзіцца, размаўлялі з экскурсаводам, задавалі пытанні, разважалі, параўноўвалі і супастаўлялі. Што адчуваў кожны з нас? Цяжка сказаць. Мы не дзяліліся пачуццямі, стараліся размовай спыніць слёзы, што самі сабой наплывамі з глыбіні душы. А потым паехалі на дзявяты кіламетр, да помніка сярод густой зеляніны дрэў насупраць Ваеннай акадэміі, што пастаўлены ў памяць пра загінулых ваеннапалонных і мірных жыхароў. Усклалі кветкі, сфатаграфаваліся.

На зваротным шляху ў аўтобусе была цішыня. Мне таксама гаварыць не хацелася, ды і думак не было. Вырашыла: супакоюся, тады ўсё пераасэнсую і падзялюся з чытачамі “Перамогі” і думкамі, і ўражаннямі. Пра тое, што мы ўбачылі, трэба ведаць кожнаму беларусу, і старому, і малому. Факты жудасныя, і выклікаць яны могуць толькі адну думку і адно пачуццё: зрабіць усё магчымае, каб наш народ больш ніколі не зведаў такога. А перад вачамі і ўчора, і сёння адзін эпізод, пра які расказаў экскурсавод: як здраднікі, служкі фашыстаў забаўляліся падчас расстрэлаў. Хапалі за ножкі маленькіх дзяцей, падкідалі ўверх і лавілі на штыкі, а ў гэты час маці трымалі на адлегласці. Мёртвае дзіця скідалі са штыка і адпускалі маці. Яна стрымгалоў ляцела да малога, а карнікі забаўляліся далей – хто спрытней падстрэліць маці, не дасць ёй прытуліць да грудзей мёртвую крывіначку. Хіба такое можна забыць?..

Алена АБРАМЧЫК, спецыяліст па турызме Дзятлаўскага турінфацэнтра

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: