Тэст на даросласць: у каго нездавальняюча?

Грамадства Да ведама грамадзян

На Дзятлаўшчыне з лютага праходзіць шырокая інфармацыйна-прафілактычная PR-акцыя “Дзяцінства без жорсткасці і гвалту”.

У рамках яе ў маі было праведзена анлайн-анкетаванне па тэме “Мая сям’я”, у якім паўдзельнічалі 344 навучэнцы ўстановаў агульнай сярэдняй адукацыі раёна.

На жаль, апытанне выявіла, што праблема гвалту ў адносінах да непаўналетніх характэрна і для сем’яў нашага раёна.

Як сведчаць вынікі, у сям’і дзеці пераважна падвяргаюцца псіхалагічнаму ўздзеянню з боку бацькоў, радзей – фізічнаму. Гвалт найчасцей ажыццяўляецца пад выглядам дысцыплінавання дзіцяці. Псіхалагічна або фізічна дарослыя караюць дзяцей за дрэнныя паводзіны, хлусню, нізкую паспяховасць і дрэнныя адзнакі ў школе.

Сям’я для дзіцяці павінна быць тым месцам, дзе яго прымаюць і разумеюць, аднак анкетаванне сведчыць, што не ўсе непаўналетнія задаволены абстаноўкай, якая склалася дома, і не хацелі б, каб іх будучыя сем’і былі падобныя на бацькоўскія.

– Паважаныя бацькі, не выкарыстоўвайце ў адносінах да сыноў і дачок пагрозы, знявагу, пастаянную крытыку, абясцэньванне і іншыя метады, якія прымушаюць дзіця адчуваць сябе “дрэнным”, пазбягайце грубасці, пакарання дзіцяці сваім ігнараваннем, абыякавасцю, уцягвання непаўналетніх у праблемы дарослых, – звяртаецца да жыхароў раёна дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Кацярына Ляўкевіч. – Любіце сваіх дзяцей і не давайце ім нагоды сумнявацца ў вашых пачуццях. Прымайце іх такімі, якія яны ёсць, імкніцеся зразумець. Памятайце, што адказнасць за выхаванне несяце менавіта вы.

Калі ж адчуваеце цяжкасці ці сутыкнуліся з сітуацыяй гвалту, па дапамогу можна звяртацца ў Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі (тэл. +375-17-3001006) або ў сацыяльна-педагагічны цэнтр горада Дзятлава (тэл. 6-02-95). Дапамагчы могуць таксама педагогі-псіхолагі і сацыяльныя педагогі ўстановаў адукацыі.

У складаных сітуацыях можна скарыстацца тэлефонам даверу 170.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga