“Славім зямлю гераічную і незалежную” (+відэа)

Галоўнае Грамадства

Урачыстасць пад такой назвай адбылася ў Дзятлаве з нагоды Дня Незалежнасці і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Свята сабрала ўдзельнікаў на плошчы 17 Верасня. Добрым музычным пажаданнем – “Кожнаму дому шчасця” – афіцыйную праграму адкрылі народны тэатр-студыя гульні “Суседзі” і народны ансамбль песні “Заранка”.

Дзень Незалежнасці для беларусаў – свята самастойнасці, адзінства, гонару за Радзіму, нагода паказаць асаблівасці гістарычнага развіцця, культурныя традыцыі. Сімвалічна, што менавіта ў гэты дзень Дзятлаўшчына сустракала гасцей з Абаянскага раёна Курскай вобласці Расійскай Федэрацыі: намесніка кіраўніка адміністрацыі Абаянскага раёна Наталлю Лук’янчыкаву і намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі адміністрацыі Абаянскага раёна Міхаіла Алпеева.

Яшчэ ў 2018 годзе паміж нашымі раёнамі быў падпісаны пратакол аб пабрацімскіх сувязях. Не проста ўстаноўлены добразычлівыя адносіны, але ідзе гандлёва-эканамічнае, навукова-тэхнічнае, культурнае супрацоўніцтва, замацоўваюцца юрыдычныя асновы ўзаемадзеяння афіцыйных органаў улады і бізнес-супольнасцяў у сферы інвестыцый.

Па добрай традыцыі Дзятлаўскай зямлі гасцей сустрэлі хлебам-соллю.

З нагоды свята раён таксама наведалі нашчадкі славутых людзей: сын партызанскага сувязнога Міхаіла Пуйты, унук Якуба Пуйты, на хутары якога быў падпісаны ўказ аб заснаванні Ленінскай партызанскай брыгады, – Анатоль Пуйта, а таксама ўнук партызанскага камандзіра, начальніка штаба Ленінскай партызанскай брыгады Барыса Булата – Аляксандр Булат.

Вядучыя свята прагарталі слаўныя старонкі пераможнай аперацыі “Баграціён”, якая пачалася 23 чэрвеня 1944 года і паспрыяла поўнаму вызваленню Беларусі ад ворагаў.

На ўрачыстасці словы падзякі прагучалі для землякоў, якія сваёй працай, талентам, энергіяй шмат гадоў умацоўвалі матэрыяльны, інтэлектуальны і культурны дабрабыт Дзятлаўшчыны.За прафесійныя дасягненні кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі ўручыў лепшым дыпломы і знакі “За заслугі” Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта. Імі ўшанаваны намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Жадзейка, ветэран працы Аляксандр Маркушэўскі, артыстка-вакалістка вышэйшай катэгорыі музычнага тэатра Гродзенскай абласной філармоніі Ала Аўдзейчык.

З нагоды свята яна з задавальненнем падарыла землякам некалькі прыгожых песень.

Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў уручыў яго старшыня Аляксандр Бараноўскі. За шматгадовую добрасумленную працу іх удастоены доктар-хірург цэнтральнай раённай бальніцы Іван Родзькін, дырэктар КСУП “Войневічы” Сяргей Францішчык. Падзячнымі лістамі старшыні раённага Савета дэпутатаў адзначаны галоўны рэдактар газеты “Перамога” Ірына Камарова, настаўніцы сярэдняй школы № 3 Таццяна Калашнікава і Алена Стракоўская, настаўнікі Гезгалаўскай сярэдняй школы Аляксандр Памбухчан і Людміла Календа, настаўніца філіяла № 1 Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Алена Кашко.

Разам з Аленай Ігараўнай удзельніцы ўзорнага ансамбля скрыпачоў “Зорачкі” падарылі гледачам яркае музычнае выступленне.

Па добрай традыцыі ў дзень свята новымі імёнамі папоўнілася кніга Славы Дзятлаўскага раёна. На гарадскую сцэну яе вынеслі гімназісты, якія маюць поспехі ў вучобе, алімпіядах, творчых і інтэлектуальных праектах і конкурсах, Дар’я Бурдун і Мацвей Глускі. Сертыфікаты аб занясенні ў кнігу Славы ўручыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. За выдатныя дасягненні ў навуковай і краязнаўчай дзейнасці і асабісты ўклад у развіццё музейнай справы Дзятлаўскага раёна сертыфікатам адзначаны дырэктар па навуковай рабоце Інстытута гісторыі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вадзім Лакіза. Ён выйшаў на сцэну не з пустымі рукамі: падарыў кнігі па гісторыі Дзятлаўскага раёна гімназістам і новыя выданні “Ад Маскоўскай бітвы да аперацыі “Баграціён” і “Гістарычная палітыка” Дзятлаўскай раённай бібліятэцы.

Сертыфікат аб занясенні імя краязнаўцы, аўтара гістарычных кніг аб Дзятлаўшчыне Міхаіла Лук’янчыка ў кнігу Славы за ўклад у развіццё музейнай справы, папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны Дзятлаўскага раёна атрымала яго жонка Марыя Іванаўна, сын Мікалай Міхайлавіч, унучкі Вікторыя і Ганна.

Свой спрыт і творчы талент на святочнай пляцоўцы прадэманстравалі і юныя дзятлаўчане, да іх далучыліся дарослыя артысты і самадзейныя таленты раёна. Са сцэны для землякоў і гасцей з нагоды свята гучала шмат цёплых пажаданняў: каб родны край быў вечна маладым, квітнеючым і прыгожым, каб жыццё кожнай сям’і напоўнілася душэўным цяплом, радасцю, упэўненасцю.

Ірына СТЫРНІК
Фота Наталлі АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#Гродненская область #80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков #День Независимости