Сельская гаспадарка. Не горшы за мінулагодні!

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

У КСУП “Хвінявічы” адначасова з іншымі сельгаспрадпрыемствамі раёна ідзе ўборка рапсу.

Па меркаванні аграрыяў, выніковая ўраджайнасць культуры будзе на дастойным узроўні.

Нездарма рапс называюць чорным золатам палёў: з году ў год гэта сельгаскультура паказвае някепскую ўрадлівасць і запатрабаванасць на рынку, таму яна трывала “прапісалася” ва ўсіх гаспадарках Дзятлаўшчыны.

– Пасяўная і ўборачная плошча азімага рапсу ў гаспадарцы складае 200 гектараў, прадстаўлена гібрыдам “Альвара” (50 гектараў), астатняя плошча – гатунак “Зеніт”, рэпрадукцыйнае пакаленне “Эліта”, – расказвае галоўны аграном КСУП “Хвінявічы” Аляксандр Кугейка. – Гібрыд выкарысталі ўпершыню, і ён добра сябе паказаў: сярэдняя ўраджайнасць рапсу 27,8 цэнтнера з гектара, гібрыда – 35,6. Ужо цяпер можна казаць, што эканамічная эфектыўнасць гібрыда вышэйшая, на наступны год пасяўныя плошчы пад яго павялічым у два разы. Складаныя вясновыя ўмовы надвор’я ўнеслі свае карэктывы ў вынікі работы, аднак у нас ёсць свая адпрацавана схема догляду сельгаскультур, дзякуючы якой атрымаецца зневіліраваць гэта. Уборачная кампанія пачалася шчыльна: ужо зжаты азімы ячмень, пасля ўборкі рапсу без паўзы прыступім да азімых пшаніцы і трыцікале.

На ўборцы азімага рапсу ў КСУП “Хвінявічы” працуюць чатыры камбайны “Гомсельмаш” з рапсавымі сталамі, на адвозцы – два МАЗы з прычэпам і адзін без прычэпа.

Людзі засумавалі па тэхніцы: хоць у поле выходзяць, толькі калі пасевы добра абсохнуць ад расы, тэхніку абслугоўваюць і запраўляюць зрання, бо ў полі кожная хвілінка – гэта заробак. З палівам і запчасткамі пытанняў няма – усё працуе як гадзіннік. Жаць бы ды жаць! Дапрацоўка сабранага ўраджаю паралельна ідзе на зернесушыльным комплексе КЗСВ-30.

Механізатар Аляксей Скрундзь трэці сезон працуе на высокапрадукцыйным беларускім камбайне GS-1218 Pro вытворчасці “Гомсельмаш”. Сезон ён адкрыў касавіцай на МТЗ-3522, пасля чаго перасеў за руль камбайна.

– Ужо дажалі ячмень, цяпер рапс, а пасля хопіць яшчэ работы ўсім. Настрой выдатны, надвор’е пакуль моцна не падводзіць. Працуем дацямна, каб больш паспець, – кажа камбайнер. – Ураджай някепскі ў параўнанні з папярэднімі гадамі, сваю тысячу павінны ўзяць.

На пытанне, як спраўляюцца са спёкай, камбайнеры толькі ўсміхаюцца: у сучасных машынах кандыцыянер трымае аптымальную тэмпературу, ды і пітную ваду на поле падвозяць рэгулярна.

Для Івана Ташлыкова сёлетняе жніво ўжо 15-е па ліку, добрае і актыўнае, як і ўсе папярэднія.

– Уборка ідзе, зерне сыпле, заробак расце, – пералічвае аграрый.

Ён таксама другі год працуе на новым камбайне “Палессе”, тэхнікай задаволены.

– Ці ёсць нейкія рытуалы перад выхадам у поле? – пытаюся ў механізатара.

– Наш галоўны рытуал – перагледзець, падмазаць і пачысціць тэхніку, каб працаваць без прастояў.

– За што любіце работу ў полі?

– За адчуванне, што робім нешта надзвычай важнае – убіраем хлеб, за прастор і прыгажосць палёў, пачуццё свабоды і адказнасці, калі найперш ад цябе самога залежыць усё.

Механізатары КСУП “Хвінявічы” жадаюць усім, хто заняты на жніве, высокіх намалотаў, дастойнай аплаты працы і добрага працоўнага настрою.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#уборочная_кампания #механизаторы #хвиневичи