23 ліпеня на Дзятлаўшчыне стартаваў двухдзённы рэспубліканскі семінар па абмене вопытам на прыкладзе Гродзенскай вобласці – “Роля турыстычных інфармацыйных цэнтраў у развіцці турызму”.
На чале з намеснікам Міністра спорту і турызму, які курыруе турыстычную індустрыю, Алегам Андрэйчыкам удзел у форуме прымалі прадстаўнікі ТІЦаў, турысцкіх арганізацый, Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага агенцтва па турызме, сродкаў масавай інфармацыі.
– Спадзяюся, гэта сустрэча ўзбагаціць вас новымі ідэямі, – павітаў удзельнікаў семінару старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Турысцкі інфармацыйны цэнтр у нашым раёне быў створаны рашэннем райвыканкама ў жніўні 2023 года і закліканы развіваць работу па папулярызацыі турыстычных паслугаў. Дзятлаўшчына мае багаты прыродны і турысцкі патэнцыял, у нас працуюць дзве вядомыя ў краіне здраўніцы – санаторыі “Радон” і “Альфа Радон”, якія выконваюць “ільвіную долю” экспарту турпаслугаў Гродзенскай вобласці. У спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў рэспублікі ўнесены 36 аб’ектаў раёна, ёсць у нас і нематэрыяльная гісторыка-культурная спадчына, унікальныя куточкі прыроды. Дзякуючы мэтанакіраванай рабоце, Дзятлаўшчына становіцца ўсё больш вядомай і прывабнай для турыстаў.
– Галоўнае ў рабоце цэнтра – папулярызацыя турыстычнага патэнцыялу і развіццё турызму на Дзятлаўшчыне, – прадоўжыла тэму галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка. – Установа забяспечана камп’ютарным абсталяваннем, мабільнай сувяззю, доступам да інтэрнэта, мае свой лагатып, цесна ўзаемадзейнічае з сектарам спорту і турызму, арганізацыямі, установамі, прафсаюзамі, грамадскімі аб’яднаннямі, суб’ектамі турыстычнай індустрыі. Сфарміравана база суб’ектаў, якія могуць аказаць турпаслугі, наладжана ўзаемадзеянне. Папулярызацыі “турыстычнага прадукта” спрыяе паліграфічная прадукцыя, сродкі масавай інфармацыі, сацыяльныя сеткі, удзел у форумах і выставах. Яшчэ адзін кірунак – распрацоўка цікавых і запатрабаваных турыстычных маршрутаў, праграм, укараненне новых паслугаў. У 2022 годзе прайшоў атэстацыю маршрут “Дарогамі Дзятлаўшчыны”, у 2023-ім – аднайменны аўдыёгід, устаноўлена турыстычная навігацыя на веламаршруце “Партызанскай сцежкай па Ліпічанскай пушчы” і водным “Ад цара да самавара”, у райцэнтры каля тураб’ектаў – інфармацыйныя шыльды, а ўсяго з’явілася 76 знакаў турнавігацыі, распрацаваны 8 новых маршрутаў, цяпер у распрацоўцы – “На ўскрайку Ліпічанскай пушчы або Накрышская гісторыя” і зялёны на тэрыторыі Ліпічанскай пушчы. Такая работа дала штуршок да ўкаранення новых паслугаў: трэці год запар запатрабаваны экалагічны квэст “Ключы Бабулі Зімы”, сёлета да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стартавала новая турыстычная праграма “Па слядах герояў” праекта “Дзятлаўшчына гераічная”. ТІЦ любому жадаючаму можа прапанаваць розныя варыянты адпачынку з комплексам дадатковых турыстычных паслугаў. У 2023 годзе Дзятлаўшчына ўвайшла ў тройку лепшых па турызме на Гродзеншчыне. На сённяшні дзень распрацавана “Стратэгія развіцця турызму” на бліжэйшыя два гады, якая фарміруе новы вобраз раёна па чатырох тэматычных кірунках: Дзятлаўшчына гераічная, незвычайная, гасцінная, таямнічая.
Больш падрабязна са стратэгіяй, а таксама арганізацыяй работы цэнтра ў рамках нарматыўнай базы, магчымасцю заказу паслугаў прысутных азнаёміла дырэктар Дзятлаўскага раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Дзінара Харошка.
Экспазіцыю аб турыстычным патэнцыяле раёна, друкаваную рэкламную прадукцыю і Дзятліцу – турыстычны брэнд Дзятлаўшчыны, удзельнікам семінара прадставіла спецыяліст па турызме Алена Абрамчык.
Акцэнтуючы ўвагу на ролі турыстычных інфармацыйных цэнтраў краіны Алег Андрэйчык падкрэсліў, што магістральным у іх рабоце з’яўляецца папулярызацыя ўнутранага і міжнароднага турызму, развіццё партнёрскіх адносінаў з прадстаўнікамі туріндустрыі, правядзенне маркетынгавых мерапрыемстваў, захаванне нацыянальнай гісторыі, культуры, народных звычаяў, інфармаванне наведвальнікаў аб турыстычных магчымасцях і паслугах у рэгіёне. ТІЦ у Дзятлаве – яркі таму прыклад. Для гараджан і гасцей ён стаў крыніцай карыснай інфармацыі: тут расказваюць аб цікавых маршрутах, можна атрымаць інфармацыйныя брашуры, карты падарожжаў, заказаць турпаслугі.
Гасцям прэзентавалі вопыт работы Дзятлаўскага турысцкага інфармацыйнага цэнтра. Сустракалі іх па добрай традыцыі хлебам-соллю. У рэстаране “Ліпічанка” Дзятлаўскага філіяла аблспажыўтаварыства для ўдзельнікаў форуму быў арганізаваны бізнес-ланч, у час якога яны даведаліся пра кулінарныя цікавінкі нашай мясцовасці і пакаштавалі “Радзівілаўскую грушу” – страву, распрацаваную на аснове старадаўніх княжацкіх рэцэптаў.
Другая частка сустрэчы была экскурсійнай. З экскурсаводам Аленай Абрамчык удзельнікі семінара прайшліся пешым маршрутам “Знаёмцеся – Дзятлава”. У доміку паляўнічага Дзятлаўскага лясгаса адправіліся ў інтэрактыўнае падарожжа “Па слядах герояў” Вялікай Айчыннай вайны, паспявалі песні каля партызанскага вогнішча, пачаставаліся простымі стравамі – юшкай, кашай, печанай бульбай.
Падарожжа ў рамках юбілейнага праекта “Дзятлаўшчына гераічная” прадоўжылася наведваннем мемарыяла і ўшанаваннем памяці загінулых жыхароў вёскі Трахімавічы.
Напрыканцы прысутных чакала яшчэ адна цікавая вандроўка – на байдарках па маршруце “Шчара – рака партызанская”.
24 ліпеня рэспубліканскі семінар прадоўжыўся на Навагрудчыне.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga