Па тэме з аналітыкай. Пагроза ў канверце

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Тэма: Праблема выплаты заработнай платы “ў канверце” застаецца актуальнай.

Праблема

Наймальнік выплачвае работніку ўзнагароду звыш заработнай платы, устаноўленай згодна са штатным раскладам, або прымае на работу чалавека па вуснай з ім дамоўленасці без афармлення працоўнага ці грамадзянска-прававога дагавора, а ўсе выплаты за выкананую работу перадае “з рук на рукі”, абыходзячы налічэнне і выплату страхавых узносаў у бюджэт фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і падаходнага падатку з фізічных асоб.

Слова спецыяліста

Таццяна Дорда, намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама:

– Работнікі часам не задумваюцца аб наступствах заработнай платы “ў канвертах”, аднак, пагаджаючыся на яе, яны наносяць шкоду не толькі інтарэсам дзяржавы, але і сваім уласным. Адсутнасць пісьмовага дагавора і выплата неафіцыйнай зарплаты – гэта рызыка для работнікаў. У будучым яны не атрымаюць пенсію ў поўным аб’ёме, бо Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні” яе памер вызначаецца велічынёй заробка, з якога выплачаны страхавыя ўзносы, і працягласцю страхавога стажу (перыядаў, калі ажыццяўляліся выплаты страхавых узносаў у бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва). Яшчэ такія людзі рызыкуюць атрымаць мінімальную аплату лістка непрацаздольнасці ці ўвогуле застацца без дапамогі па часовай непрацаздольнасці і па цяжарнасці і родах. Яны не атрымаюць аплачаны працоўны водпуск і разлік пры звальненні, а калі здарыцца канфлікт з працадаўцам, хутчэй за ўсё не атрымаюць зарплату. У неафіцыйных работнікаў няма сацыяльных гарантый, звязаных са скарачэннем штатаў, прастоем, навучаннем, нараджэннем дзіцяці, няшчасным выпадкам на вытворчасці, прафесійным захворваннем, у іншых неспадзяваных сітуацыях. Яны не могуць атрымаць крэдыт у банку і гэтак далей.

Марыя Жыдко, начальнік раённага сектара Гродзенскага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь:

– Наймальнікам неабходна памятаць, што падман дзяржавы абыходзіцца вельмі дорага. Да юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія выплацілі заработную плату наёмным работнікам без адлюстравання ў бухгалтарскай справаздачнасці, фонд ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку прыме меры па даналічэнні і выплаце недаатрыманых сумаў узносаў і пені. Калі ж сума такой недаплаты перавысіць 20 базавых велічыняў, вінаватая службовая асоба наймальніка атрымае яшчэ і штраф ад 2 да 20 базавых велічыняў па артыкуле 12.15 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Пры наўмысным заніжэнні памеру выплат у ФСАН, калі недаплаты перавысяць 2,5 тысячы базавых велічыняў, адміністрацыйным штрафам можна не абысціся: за такое парушэнне прадугледжана крымінальная адказнасць па артыкуле 243-3 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Гэта важна

Наймальнікі! Выключыце рызыкі адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. Налічвайце абавязковыя страхавыя ўзносы на ўсе выплаты сваім работнікам і пералічвайце іх своечасова ў бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва!

Работнікі! Не згаджайцеся на заробак “у канверце”, адстойвайце свае правы на сацыяльную абарону!

Выснова

За чалавекам заўсёды застаецца права выбару: працаваць у наймальніка афіцыйна і атрымліваць заработную плату паводле штатнага раскладу і ва ўстаноўлены тэрмін або працаваць “па-шэраму” не карыстаючыся гарантыямі, і мець сумніўныя перспектывы.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga