Тэма: Сямейны капітал: прызначэнне, выкарыстанне, вяртанне пры парушэнні заканадаўства
Факт
У маі 2024 года ўступілі ў сілу змяненні заканадаўства, якія тычацца прызначэння і выкарыстання сямейнага капіталу ў Рэспубліцы Беларусь.
Слова спецыяліста
Наталля Чарняк, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама:
– Згодна з Указам № 69 Прэзідэнта Беларусі ўдасканалены парадак прадастаўлення сямейнага капіталу сем’ям, якія гадуюць трох і больш дзяцей. Новаўвядзенні тычацца як прызначэння, так і датэрміновага выкарыстання грашовых сродкаў.
Нарматыўным актам павышаны патрабаванні да сацыяльнай адказнасці бацькоў за забеспячэнне сваёй сям’і. Права на прызначэнне і датэрміновае распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу звязана з занятасцю працаздольнага бацькі (айчыма) у поўнай сям’і і аднаго з бацькоў у няпоўнай. Так, пры прызначэнні разглядаецца занятасць на дату звароту, якая ў сукупнасці павінна скласці не менш за 6 месяцаў за апошні год перад зваротам, а пры датэрміновым распараджэнні – не менш за 12 месяцаў за апошнія 24 месяцы перад зваротам. Аднак такое права сям’ёй страчваецца, калі дзеці на дзень звароту прызнаны ў сацыяльна ненадзейным становішчы або адабраны.
Затое з’явілася новаўвядзенне, якое значна падоўжыла тэрмін звароту па сямейны капітал: цяпер замест ранейшых 6 месяцаў з дня нараджэння або ўсынаўлення трэцяга ці наступнага дзіцяці звяртацца можна ў любы час на працягу 18 гадоў. Таму сем’і, якія па розных прычынах не змаглі “выпрацаваць” неабходную колькасць месяцаў, змогуць рэалізаваць сваё права на прызначэнне і датэрміновае выкарыстанне капіталу пасля працаўладкавання і адпрацоўкі патрэбнага часу. Тое ж тычыцца ненадзейных сем’яў.
Датэрміновае выкарыстанне
Яно дазваляецца на паляпшэнне жыллёвых умоваў:
пры адсутнасці ва ўласнасці жылых памяшканняў агульнай плошчай на аднаго члена сям’і больш за 15 квадратных метраў, а ў Мінску – больш за 10.
На рэканструкцыю жылля:
калі рэканструкцыя павялічвае агульную плошчу жылога памяшкання.
На атрыманне медыцынскіх паслугаў:
толькі ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя.
На атрыманне адукацыі:
сямейны капітал выкарыстоўваецца па частках у памеры, які не перавышае кошту навучання за бягучы і папярэдні навучальныя гады.
Калі давядзецца вярнуць грошы ў рэспубліканскі бюджэт? Вяртанню належаць неабгрунтавана выкарыстаныя сродкі ў выпадку парушэння грамадзянамі патрабаванняў заканадаўства аб сямейным капітале. Калі адбылося расходаванне на мэты, не прадугледжаныя заканадаўствам, або падаваліся дакументы з наўмысна лжывымі звесткамі, утойваліся факты, якія ўплываюць на прыняцце рашэння аб датэрміновым распараджэнні сямейным капіталам.
Важна
Для сем’яў, якія гадуюць чацвёра і больш дзяцей і не звярнуліся па сямейны капітал пасля нараджэння трэцяга дзіцяці, устаноўлена права выбару: яны могуць выбраць памер капіталу па даце нараджэння трэцяга або наступнага дзіцяці.
Замацаваны абавязак райвыканкамаў ажыццяўляць маніторынг выкарыстання сямейнага капіталу па ўсіх напрамках і кантраляваць вяртанне незаконна патрачаных грошай у рэспубліканскі бюджэт.
Па дадатковую інфармацыю аб сямейным капітале можна звяртацца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Тэлефон для даведак 2-15-86.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga