Па тэме з аналітыкай. Бацькам асаблівых дзяцей на заметку

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Тэма: На якіх умовах прызначаецца дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда да 18 гадоў?

Слова спецыяліста

Ірына Баравік, намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама:

– Права на дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда да 18 гадоў, згодна з заканадаўствам, маюць маці (мачаха) або бацька (айчым) у поўнай сям’і, адзін з бацькоў у няпоўнай сям’і, усынавіцель (удачарыцель), апякун (папячыцель) дзіцяці-інваліда або іншая асоба, якая фактычна ажыццяўляе догляд такога дзіцяці. Аднак ёсць нюансы. Асоба гэта атрымае дапамогу, калі яна незанятая або калі занятая на наступных умовах:

– працуе няпоўны працоўны час (не больш за палову месячнай нормы працоўнага часу) у аднаго або некалькіх наймальнікаў ці выконвае работу дома ў аднаго наймальніка;

– з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, натарыусам, адвакатам, ажыццяўляе рамесную дзейнасць, або ў сферы аграэкатурызму, і такая дзейнасць прыпынена ў парадку, устаноўленым заканадаўствам;

– з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам і не ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць з-за знаходжання ў працэсе яе спынення;

– знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да 3-х гадоў (водпуску па доглядзе дзяцей, які прадастаўляецца па месцы службы) або акадэмічным водпуску;

– атрымлівае пенсію ці штомесячную страхавую выплату ў адпаведнасці з заканадаўствам аб абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў.

Іншым асобам, якія фактычна ажыццяўляюць догляд дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, дапамога прызначаецца і выплачваецца пры ўмове, калі яны не з’яўляюцца занятымі, а абодва бацькі гэтага дзіцяці-інваліда (маці (мачаха), бацька (айчым)) у поўнай сям’і або адзін з бацькоў у няпоўнай сям’і, усынавіцель (удачарыцель), апякун (папячыцель) па заканадаўстве не маюць права на такую дапамогу або яны не могуць ажыццяўляць догляд дзіцяці-інваліда з-за ўласнай інваліднасці I групы.

Важныя нюансы

Згодна з заканадаўствам занятымі лічацца і не могуць атрымліваць дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда да 18 гадоў асобы:

– якія працуюць па працоўных дагаворах;

– праходзяць ваенную, альтэрнатыўную службу, службу ў органах унутраных спраў, Следчым камітэце Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь, органах фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях;

– выконваюць работы па грамадзянска-прававых дагаворах, прадметам якіх з’яўляецца аказанне паслуг, выкананне работ і стварэнне аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці;

– з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, натарыусамі, адвакатамі, асобамі, якія ажыццяўляюць рамесную дзейнасць, дзейнасць у сферы аграэкатурызму;

– атрымліваюць прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую або паслявузаўскую адукацыю ў дзённай форме;

– праходзяць падрыхтоўку ў клінічнай ардынатуры ў вочнай форме;

– зарэгістраваны ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў якасці беспрацоўных або праходзяць прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі ці асвойваюць змест адукацыйнай праграмы навучальных курсаў па накіраванні гэтых органаў;

– атрымліваюць пенсію або штомесячную страхавую выплату ў адпаведнасці з заканадаўствам аб абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў, штомесячнае грашовае ўтрыманне ў адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўнай службе.

Варта ведаць

Дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда да 18 гадоў назначаецца на кожнае дзіця-інваліда да 18 гадоў незалежна ад атрымання іншых відаў сямейных дапамог у наступных памерах:

– на дзіця-інваліда, якое мае I або II ступень страты здароўя, – 100 % найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму;

– на дзіцяця-інваліда, якое мае III або IV ступень страты здароўя, да дасягнення ім узросту 3-х гадоў уключна – 100 % найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму, пасля дасягнення – 120 %.

Дапамога выплачваецца штомесяц уключна па дзень заканчэння тэрміну прызнання дзіцяці інвалідам, устаноўленага медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіяй, але не пазней за дзень, які папярэднічае дню дасягнення ім узросту 18 гадоў, пры захаванні названых усіх раней пералічаных патрабаванняў заканадаўства.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga