Няхай у сэрцах жывуць радасць і песня

Важнае Культура і адпачынак

Пад такім дэвізам у аграгарадку Вензавец прайшло свята землякоў.

Добрыя пажаданні і музычныя віншаванні яго ўдзельнікам дарылі творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, вакальная група “Натхненне” народнага хору ветэранаў працы “Ветэраны ў страі”, Васіль Шпігановіч, Сяргей Малышчык, Жанна Варган, Ірына Бакшук і іншыя.

У песнях і віншаваннях артысты славілі людзей працы, якія сваімі справамі і ўменнямі праслаўляюць малую радзіму; доўгажыхароў, якім на гэтай зямлі вядомы ўсе вуліцы, сцяжынкі, прозвішчы землякоў; народных умельцаў, якія робяць сельскі быт больш прыгожым і камфортным.

– Заўсёды прыемна бываць у населеных пунктах, якія маюць статус аграгарадкоў, бачыць, як адносяцца да родных мясцін жыхары, чуць пра іх дасягненні ў рабоце, – зазначыла гукааператар сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Ірына Бакшук. – Адметна, што не толькі сталыя людзі, але і моладзь на сяле імкнецца, каб у доме быў парадак і ўтульнасць, на падворках – чысціня, каб каля хаты красавалі кветкі, раслі сады. Колькі часам трэба сілы, цярпення, творчай энергіі, каб мяняць да лепшага свет вакол сябе. За старанную працу, фантазію, любоў да роднага куточка такім людзям заўжды хочацца дарыць самыя душэўныя і вясёлыя песні. Жыхары глыбінкі рады падобным святам, а таму работнікі культуры і творчыя калектывы стараюцца арганізаваць як мага больш выездаў і віншаванняў, каб свята “даехала” да кожнага аграгарадка, кожнай вёскі.

Ірына СТЫРНІК

Фотаздымкі арганізатараў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga